Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Спыніцеся, рыцары, хто-б вы ні былі, і дайце мне адказ: адкуль і куды вы едзеце, хто вы такія і што ў вас там, на гэтых насілках? Па ўсіх адзнаках вы або самі зрабілі, або над вамі было зроблена злачынства. Мне неабходна гэта ведаць для таго, каб пакараць вас за зробленае вамі злачынства або адпомсціць за зробленую вам крыўду.

— Мы спяшаемся, — адказала адна з белых зданяў. — Да заезжджага двара яшчэ далёка і мы не можам спыняцца, каб даць вам падрабязны адказ, якога вы патрабуеце.

І, прышпорыўшы мула, здань накіравалася наперад. Моцна раззлаваны такім адказам, Дон Кіхот схапіў мула за аброць і сказаў:

— Спыніцеся і будзьце ветлівым. Дайце адказ, якога я патрабую. Калі не — выклікаю ўсіх вас на бойку са мной!

Мул быў пудлівы і, калі адчуў, што яго схапілі за аброць, ён падняўся на дыбкі і скінуў свайго седака на зямлю. Слуга, ішоўшы пехатою, убачыў, што яго пан у белай вопратцы зваліўся з мула, і пачаў лаяць Дон-Кіхота. Разгневаны, не раздумваючы ні хвіліны, нахіліўшы кап’ё, рыцар кінуўся на аднаго з коннікаў, апранутых у траур, і, цяжка параніўшы яго, скінуў на зямлю. Потым ён звярнуўся да астатніх.

Здавалася, што ў тую хвіліну ў Расінантэ выраслі крыллі — так лёгка і горда выступаў ён. Коннікі, апранутыя ў белае, былі людзі баязлівыя і бяззбройныя; яны кінуліся наўцёкі па полю з запаленымі факеламі, але апранутыя ў траур, захутаныя ў свае шлейфы і даўгую вопратку, яны не маглі крануцца з месца. Дон-Кіхот без ніякай перашкоды ўсіх іх пабіў і прымусіў уцякаць. Яны думалі, што на іх напаў не чалавек, а сам д’ябал, прышоўшы з пекла, каб адабраць у іх труп, які яны неслі на насілках.

На зямлі, каля першага конніка, скінутага мулам, ляжаў палаючы факел, пры святле якога Дон-Кіхот убачыў паўшага. Ён падышоў да яго, прыставіў да твара кап’ё і пачаў патрабаваць, каб ён здаўся.

— Здаецца я зусім здаўся, бо не магу крануцца з месца: