Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у мяне нага зломлена. Упрашаю вашу міласць: не забівайце мяне, інакш вы зробіце вялікае багахульства, бо я пасвечаны ў духоўны сан.

— Яшчэ больш няшчасны лёс чакае вас, — абвясціў Дон-Кіхот, — калі-ж вы адразу не задаволіце мяне, адказаўшы на запытанне, у пачатку прапанаванае мною вам.

— Задаволю вашу міласць безадкладна. Разам з другімі адзінаццаццю свяшчэннаслужыцелямі, тымі самымі, якія ўцяклі з факеламі, едзем мы ў горад Сеговію, праводзячы мёртвае цела, што ляжыць на гэтых насілках — труп двараніна, памёршага ў Баэсе. Мы вязём яго цела ў фамільны склеп у Сеговію, адкуль ён родам.

— А хто яго забіў? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Бог, пры дапамозе гнілой гарачкі, якая і паслала яго на той свет, — адказаў бакалаўр.

— Такім чынам, — сказаў Дон-Кіхот, — бог вызваліў мяне ад неабходнасці адпомсціць за смерць чалавека. Але я хацеў-бы, каб вы, ваша свяшчэнства, ведалі, што я рыцар, родам з Ламанча, па імені Дон-Кіхот, і што мой лёс — валацужыць па ўсім свеце, выпраўляючы зло і знішчаючы несправядлівасці і крыўды.

— Не ведаю, як вы там выпраўляеце зло, — сказаў бакалаўр, але, што тычыцца мяне, вы не выправілі, а зрабілі мне зло, зламаўшы мне нагу. Самае вялікае няшчасце, паўшае на мяне, была сустрэча з вамі ў вашых пошуках прыгод. Прашу, ваша міласць, памажыце мне вылезці з-пад мула, бо ў мяне нага зашчэмлена між стрэмем і сядлом.

Дон-Кіхот зараз-жа паклікаў Санчо, але той не вельмі спяшаўся, бо быў заняты разгрузкаю ўючнага мула, якога добрыя сен’ёры вялі за сабой, добра нагружанага прадуктамі. Санчо зрабіў мяшок з свайго плашча і, наклаўшы туды ўсяго, што ўлезла, ускінуў мяшок на свайго асла і потым пабег на кліч Дон-Кіхота, якому памог выцягнуць сен’ёра бакалаўра з-пад яго мула. Пасадзіўшы яго на сядло, ён падаў яму факел, а Дон-Кіхот сказаў бакалаўру, каб ён ехаў услед за ўцёкшымі сваімі таварышамі свяшчэннаслужыцелямі і па-