Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

затрымаў каня за аброць. Абодва яны спыніліся і пачалі ўважліва ўглядацца. Што-б гэта магло быць? Чым больш набліжаліся агні, тым больш яны павялічваліся. Санчо задрыжаў, а ў Дон-Кіхота валасы падняліся дыбам, але ён адразу, некалькі падбадзёрыўшыся, сказаў:

— Няма сумнення, Санчо, што гэта адна з вялікіх і самых небяспечных прыгод, у якой мне патрэбна будзе выказаць усю маю харобрасць і мужнасць.

— Няшчасны я! — усклікнуў Санчо. — Калі і гэтая прыгода будзе зноў са зданямі, як мне здаецца, дзе-ж нам набрацца рэбраў, каб вытрымаць яе?

— Няхай будзе няма ведама колькі зданяў, — сказаў Дон-Кіхот, — але я не дапушчу, каб яны дакрануліся хоць-бы да ніткі тваёй вопраткі, Прашу цябе, Санчо, узброіцца мужнасцю, а колькі яе ў мяне, ты ўбачыш на справе.

— Так, я ўзброюся мужнасцю, — сказаў Санчо.

Ад’ехаўшы крыху ў бок, абодва пачалі зноў уважліва ўглядацца і хутка ўбачылі вялікую колькасць людзей, апранутых у белыя балахоны. Гэтае страшэннае відовішча канчаткова пагасіла мужнасць у душы Санчо Панса, і ён заляскатаў зубамі, як у прыпадку чатырохдзённай трасухі. Каля дваццаці чалавек у даўгіх белых балахонах вярхом павольна рухаліся з запаленымі факеламі ў руках, а за імі неслі насілкі, пакрытыя траурам, за якімі ехала яшчэ шэсць коннікаў, апранутых у траур. Ехалі белыя здані і нешта мармыталі сабе пад нос ціхім і жаласным голасам. Санчо канчаткова запамятаў свой намер узброіцца мужнасцю. З панам-жа яго адбылося супроцьлеглае, бо яго фантазія адразу-ж яскрава намалявала яму, што гэта адна з прыгод, апісаных у яго кнігах…

Ён уявіў сабе, што насілкі — хаўтурныя калёсы, а на іх вязуць якога-небудзь цяжка параненага або мёртвага рыцара, адпомсціць за якога прызначана менавіта яму. Без далейшых разваг ён, сцяўшы кап’ё, сеў мацней у сядле і з прыстойным і мужным выглядам стаў сярод дарогі. Убачыўшы іх каля сябе, ён гучным голасам усклікнуў: