Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Колькі карэнных зубоў было раней вось з гэтага боку ў вашай міласці?

— Чатыры, — адказаў Дон-Кіхот, — не лічачы зуба мудрасці.

— Ну, на гэтым баку ўнізе, — сказаў Санчо, — у вашай міласці ўсяго толькі два з паловай карэнных зуба, а там, угары, няма ні поўзуба; усё гладка, як далонь рукі.

— Няшчасны я! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Я хутчэй хацеў-бы, каб у мяне адсеклі руку, але толькі не тую, якой трымаюць меч. Рот без карэнных зубоў усё-адно, што млын без жорнаў, і трэба ацэньваць зуб куды вышэй, як алмаз. Сядай на свайго асла, сябра, і едзь наперад, а я буду ехаць за табой, якую-б дарогу ні абраў ты.

Санчо так і зрабіў і накіраваўся туды, дзе ён спадзяваўся знайсці начлег, не пакідаючы аднак вялікай дарогі. Яны павольна ехалі наперад, бо боль у сківіцах не даваў Дон- Кіхоту спакою і не дазваляў шпарка ехаць.


РАЗДЗЕЛ XII
Аб прыгодах з мёртвым целам і аб другіх дзівосных падзеях

Ноч захапіла іх сярод дарогі раней, як яны даехалі да месца, дзе ім можна было-б пераначаваць. Горш за ўсё было тое, што яны паміралі з голаду, бо разам з торбамі знікла і іхняя кладовая з усімі прадуктамі.

Ноч была досыць цёмнай, але, не гледзячы на гэта, яны працягвалі сваё вандраванне, бо Санчо меркаваў, што раз яны знаходзяцца на вялікай дарозе, то, праехаўшы адну або дзве мілі, яны абавязкова павінны трапіць на які-небудзь заезджы двор.

Але вось зброеносец і пан яго ўбачылі, што насустрач ім па той-жа дарозе рухаецца вялікае мноства агнёў, якія здаліся нечым накшалт зорак у руху. Убачыўшы гэтыя агні, Санчо ледзь не памёр ад спалоху, ды і Дон-Кіхоту зрабілася ніякавата. Адзін таргануў асла за наморднік, другі