Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці не казаў я вам, сен’ёр Дон-Кіхот, каб вы вярнуліся, бо тыя, на якіх вы збіраліся напасці, не войска, а статкі бараноў…

— Вось як хітрун-чараўнік, вораг мой, умее змяняць і ператвараць рэчы! — сказаў Дон-Кіхот. — Ведай, Санчо, што такому, як ён, лёгка прымусіць нас бачыць усё, што ён захоча. Злосны чараўнік ператварыў палкі ворагаў у статкі бараноў… Падыйдзі бліжэй да мяне і паглядзі, колькі нехапае ў мяне пярэдніх і карэнных зубоў: мне здаецца, што ў роце ў мяне не асталося ніводнага зуба. Ведай, Санчо, усе гэтыя завірухі, прагрымеўшыя над намі, прарочаць, што надвор’е хутка зробіцца ясным, справы нашы пойдуць добра. Калі зло працягвалася доўга, дабро ўжо блізка; з гэтай прычыны ты не павінен сумаваць пра няшчасці, якія здарыліся са мной. Яны-ж не зачапілі цябе?!

— Як не зачапілі мяне? — адказаў Санчо. — Можа той, якога ўчора кідалі ўгару на коўдры, быў хто-небудзь другі, а не сын майго бацькі? І торбы, згубленыя сёння, з усім маім дабром належалі, мажліва, каму-небудзь другому, а не мне?!

— Як, Санчо, ты згубіў торбы? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Так, згубіў, — адказаў Санчо.

— Значыць, сёння нам не будзе чаго есці? — сказаў Дон-Кіхот.

— Не было-б чаго, — адказаў Санчо, — калі-б на гэтых лугах не раслі травы, якія вам, як вы казалі, добра вядомыя і якімі няшчасныя вандроўныя рыцары, падобныя вашай міласці, маюць звычай замяняць недахоп харчу.

— Тым не менш, — сказаў Дон-Кіхот, — я з большай ахвотай аддаў-бы перавагу цяпер кавалку белага або простага вясковага хлеба і пары галоў капчоных селядцоў перад усімі травамі. Сын мой, вязі мяне, куды хочаш, бо на гэты раз я перадаю выбар начлега табе. Але дай ты сюды руку і памацай пальцамі, колькі ў мяне нехапае зубоў ў правай верхняй сківіцы.

Санчо ўсунуў яму ў рот пальцы, і, памацаўшы дзясны, сказаў: