Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эй, вы, рыцары, якія служыце і змагаецеся пад сцягам харобрага імператара Пентапаліна „з закасаным рукавом“, ідзіце за мной, і вы ўбачыце, як лёгка я здабуду яму помсту над ворагам яго Аліфанфаронам дэ-ла-Трапабана.

З гэтымі словамі ён уехаў у самую сярэдзіну статка авечак і з такой мужнасцю і адвагай пачаў калоць іх кап’ём, быццам ён на самай справе змагаўся са смяротным сваім ворагам. Пастухі і падпаскі, быўшыя са статкамі, спрабавалі спыніць яго гучнымі выкрыкамі. Убачыўшы, што нічога не дапамагае, яны адвязалі ад пояса свае прашчы і пачалі прывітаць яго вушы каменнямі памерам з кулак. Дон-Кіхот, не звяртаючы ўвагі на каменні, скакаў то туды, то сюды і крычаў:

— Дзе ты, дзе ты, горды Аліфанфарон? Выходзь на бойку, бо супроць цябе выступае толькі адзін рыцар, які хоча папрабаваць з табой сілу!

У гэтую хвіліну вялікі камень, ударыўшыся ў бок Дон-Кіхоту, уціснуў яму ў сярэдзіну два рэбры. Убачыўшы сябе ў такім дрэнным становішчы, ён, напэўна, падумаў, што забіты або небяспечна паранены. Успомніўшы пра свой бальзам, ён выняў бутэльку і паднёс яе да губ. Але, раней як ён паспеў выпіць столькі, колькі яму здавалася патрэбным, свіснула другая кэменная міндаліна і так моцна ўдарыла яго па руцэ і па бутэльцы, што тая разбілася; па дарозе яна выхапіла ў яго з рота тры або чатыры зубы і моцна ўдарыла па двух пальцах на руцэ. Бедны рыцар страціў роўнавагу і зваліўся з каня.

Пастухі падбеглі да яго і, падумаўшы, што яны яго забілі, з вялікай паспешнасцю сабралі свае статкі, ускінулі на плечы мёртвых авечак, яхіх было больш сямі, і ўцяклі.

Увесь гэты час Санчо стаяў на ўзгорку, глядзеў на шалёныя выбрыкі свайго пана і рваў сабе бараду, праклінаючы дзень і гадзіну, калі варожы лёс спалучыў яго з Дон-Кіхотам. Калі-ж ён убачыў, што рыцар ляжыць на зямлі, а пастухі ўцяклі, Санчо спусціўся з узгорка і наблізіўся да Дон-Кіхота.