Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэты рыцар, якога ты там бачыш, у жоўтым узбраенні — харобры Лаўралко; той вось, другі, ва ўзбраенні з залатымі кветкамі, гэта — грозны Мікакалембо, вялікі герцаг Кіросія, а той, што стаіць направа ад яго, фігураю волат, адважны Брандабарбаран дэ-Болічэ, уладар трох Аравій.

Такім чынам Дон-Кіхот называў яшчэ многіх рыцараў таго і другога войска, як ён уяўляў іх, і ўсіх іх надзяліў зброяй, фарбамі, эмблемамі і дэвізамі, захоплены натхненнем такога нечуванага свайго вар’яцтва.

Санчо Панса моўчкі прыслухоўваўся да слоў Дон-Кіхота і час ад часу паварочваў галаву, — ці не ўбачыць ён тых рыцараў або волатаў, якіх яго пан называў. З той прычыны, што ён нікога не ўбачыў, ён сказаў:

— Сен’ёр, чорт іх бяры, але з усіх, колькі ні пералічала іх ваша міласць, ніводзін чалавек, ні волат, ні рыцар не паказваюцца. Можа ўсё гэта чараўніцтва?

— Як можаш ты гэта гаварыць! — адказаў Дон-Кіхот. — Хіба ты не чуеш іржання коней, бою бубнаў і гукаў труб?

— Не чую нічога, — адказаў Санчо, — апрача моцнага бляяння бараноў і авечак.

Так яно і было на самай справе, бо абодва статкі падышлі да іх даволі блізка.

— Спалох, які ты адчуваеш, — сказаў Дон-Кіхот, — перашкаджае табе, Санчо, правільна бачыць і чуць. Калі ты так моцна баішся, адыйдзі далей і пакінь мяне аднаго, бо і адзін я змагу схіліць перамогу на той бок, да якога я далучуся.

Потым Дон-Кіхот прышпорыў Расінантэ і, трымаючы кап’ё ў руках, з шпаркасцю маланкі з’ехаў з узгорка. Санчо крыкнуў яму ўслед:

— Ваша міласць Дон-Кіхот, вярніцеся, клянуся вам богам, гэта бараны і авечкі, на якіх вы хочаце напасці… Вярніцеся!.. Паглядзіце, тут няма ні волатаў, ні рыцараў, няма ні ўзбраення, ні шчытаў. Што гэта ён робіць. Божа, ратуй мяне грэшнага…

Але крык Санчо не прымусіў Дон-Кіхота вярнуцца: наадварот, ён імчаўся наперад.