Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што на чале арміі, што ідзе нам насустрач, стаіць і ёю камандуе вялікі імператар Аліфанфарон, уладар вялікага вострава Трапабан[1]; другім-жа войскам, што за намі, камандуе яго вораг — кароль гарамантаў[2] Пентапалін „з закасаным рукавом“, якому далі такое прозвішча таму, што ў бойках ён заўсёды закасвае правы рукаў.

— Чаму-ж гэтыя два сен’ёры маюць між сабой варожасць? — запытаў Санчо.

— Таму, — адказаў Дон-Кіхот, — што Аліфанфарон — заўзяты язычнік і закаханы ў дачку Пентапаліна, незвычайную красуню і вельмі мілую дзяўчыну. Яна хрысціянка, і бацька яе не хоча выдаваць замуж за караля-язычніка.

— Клянуся маёй барадой, — усклікнуў Санчо, — праўда за Пентапалінам, і я гатоў дапамагаць яму з усёй маёй сілы.

— Робячы гэта, ты выканаеш свой абавязак, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — бо для ўдзелу ў такіх бойках непатрэбна быць пасвечаным у рыцары.

— Але куды-ж нам схаваць асла, каб знайсці яго, калі скончыцца бойка? Таму што, я думаю, да гэтага часу яшчэ не ўвайшло ў звычай ісці ў бойку вярхом на такой жывёле.

— Зусім правільна, — сказаў Дон-Кіхот. — Адзінае, што ты можаш зрабіць, гэта пакінуць яго на ўласную волю. Загіне ён ці не, усё аднолькава. Пасля перамогі ў нас будзе столькі коней, што нават і Расінантэ пагражае небяспека быць абменяным на другога каня. Але цяпер слухай мяне ўважліва і глядзі сюды: я хачу апісаць табе самых выдатных рыцараў у абодвух войсках. Каб ты іх лепш убачыў, падыміся на гэты ўзгорак, адкуль можна ўбачыць абодва войскі.

Яны ўзлезлі на ўзгорак, з якога можна было-б добра бачыць абодва статкі (ператвораныя Дон-Кіхотам у войскі), калі-б не хмара пылу, паднятая імі. Дон-Кіхот загаварыў, узвысіўшы голас:

  1. Цяперашні Цэйлон.
  2. Народ, па ўказанню аднаго з антычных аўтароў, жыўшы ва ўнутранай Афрыцы.