Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аднак Санчо не спыняў свайго крыку. Нарэшце, пераможаныя стомай жартаўнікі кінулі яго. Потым яны прывялі Санчо да асла і пасадзілі бедака на яго, завярнуўшы ў плашч. Жаласная Марыторнес, убачыўшы яго такім змораным, палічыла патрэбным прысці да яго на дапамогу з гладышом вады. Санчо ўзяў гладыш і паднёс яго да губ, але спыніўся, пачуўшы, што пан яго гучна крыкнуў яму:

— Сын мой, Санчо, не пі вады… Не пі яе, сын мой, бо яна заб’е цябе. Глядзі, у мяне тут свяшчэнны бальзам…

У адказ на гэтыя словы Санчо глянуў на Дон-Кіхота скасавурана і крыкнуў яшчэ гучней, як пан:

— Мажліва, вы, ваша міласць, запамятавалі, што я не вандроўны рыцар. Захавайце сваё піццё для сябе і для ўсіх чарцей, а мяне пакіньце ў спакоі…


РАЗДЗЕЛ XI,
у якім перадаецца гутарка Санчо Панса з яго панам Дон-Кіхотам і апавядаецца пра другія прыгоды, заслугоўваючыя быць расказанымі

Санчо пад’ехаў да свайго пана такім змораным і разбітым, што ледзь мог паганяць свайго асла. Калі Дон-Кіхот убачыў яго ў такім становішчы, ён сказаў:

— Цяпер я канчаткова пераканаўся, добры мой Санчо, што гэты замак або заезджы двор, безумоўна, зачараваны, бо тыя, хто так жорстка цешыліся з цябе, не могуць быць нічым іншым, як толькі зданямі і стварэннямі з таго свету. Інакш, клянуся табе тым, што я ёсць, калі-б я толькі мог падняцца на агарожу або злезці з каня, а адпомсціў-бы за цябе так, што тыя нягоднікі і жулікі вечна помнілі-б сваю забаву…

— І я таксама адпомсціў-бы за сябе калі-б мог, — сказаў, Санчо, — хоць я ведаю толькі, што з таго часу, як мы з вамі зрабіліся вандроўнымі рыцарамі, мы ніколі яшчэ не выйгралі ніводнай бойкі — хіба толькі бойку з біскайцам, і нават з яе ваша міласць вышла, страціўшы палову вуха і палову