Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ціць, дык і ён, слуга, таксама не заплоціць, бо, будучы зброеносцам у вандроўнага рыцара, ён абавязаны прытрымлівацца той-жа пастановы і правіла, як і яго пан.

Пачуўшы гэты адказ, гаспадар страшэнна раззлаваўся і пачаў пагражаць яму, што калі ён не заплоціць, ён возьме з яго доўг такім спосабам, які не вельмі яго ўзрадуе.

Сярод асоб, быўшых на заезджым двары, было некалькі хлопцаў — усе вясёлыя мальцы, распушчаныя, схільныя да жартаў і штукарства. Яны падышлі да Санчо, сцягнулі яго з асла, а адзін з іх пабег за коўдрай у пакой гаспадара. Кінуўшы Санчо на коўдру, яны, глянуўшы ўгару, заўважылі, што павець на пярэднім двары нізкаватая для той мэты, якую яны мелі на ўвазе. З гэтай прычыны яны парашылі прайсці на задні двор, над якім падымалася толькі адно неба. Тут, палажыўшы Санчо на сярэдзіну коўдры, яны пачалі падкідваць яго ўгару і забаўляцца з ім, як з сабакам у час карнавалу[1].

Крык падкідваемага ўгару бедака быў такім прарэзлівым, што дасягнуў да вуха яго пана. Ён спыніўся, уважліва прыслухаўся і ўжо думаў, ці не прадстаўляецца яму новая прыгода, як нарэшце апазнаў голас свайго зброеносца. Тады Дон-Кіхот павярнуў каня і ўскочку даехаў да заезджага двара. Убачыўшы, што вароты зачынены, ён аб’ехаў вакол увесь двор, шукаючы, ці не знойдзецца дзе ўваход. Але, не даязджаючы яшчэ да агарожы задняга двара, якая была не вельмі высокай, ён убачыў злую забаву з яго зброеносцам. Ён убачыў, з якой грацыяй і шпаркасцю Санчо падымаецца і апускаецца ў паветры, і, калі-б не гнеў яго, я ўпэўнены, што рыцар засмяяўся-б. Паспрабаваў ён узлезці з каня на агарожу, але да таго быў разбітым і слабым, што не мог нават злезці з каня і з гэтай прычыны, седзячы на ім, пачаў кідаць на тых, якія падкідвалі Санчо, столькі дакораў і лаянкі, што няма магчымасці іх запісаць.

  1. У Іспаніі існаваў у той час звычай забаўляцца падкідваннем сабак у дні карнавалу.