Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вачэй і час ад часу ўздыхаў. Усе думалі, што ён, напэўна, уздыхае з прычыны моцнага болю ў баках. Прынамсі так думалі ўсе, якія ўчора ўвечары бачылі, як яго абляплялі пляйстарамі.

Даехаўшы да варот, Дон-Кіхот паклікаў гаспадара двара і спакойным сур’ёзным тонам сказаў яму:

— Шматлікае і вялікае добрадзейства, сен’ёр кастэлян, зроблена мне ў гэтым вашым замку. Калі я магу адплаціць вам, адпомсціўшы якому-небудзь гордаму зладзею за зробленыя вам абразы, скажыце мне, і я абяцаю вам рыцарскім сваім гонарам, што вы атрымаеце поўнае задавальненне.

Гаспадар двара адказаў яму таксама спакойна:

— Сен’ёр рыцар, я хацеў-бы толькі аднаго: каб міласць ваша заплаціла мне па рахунку за сваё знаходжанне на заезджым двары — як за салому і ячмень для вашых двух жывёл, так і за вашу вячэру і начлег.

— Значыць, гэта заезджы двор? — запытаўся Дон-Кіхот.

— І адзін з лепшых, — адказаў гаспадар.

— Я памыляўся да гэтага часу, — абвясціў Дон-Кіхот, — бо, кажучы па праўдзе, думаў, што гэта замак і не з дрэнных. Калі-ж гэта не замак, а заезджы двор, вам давядзецца добраахвотна адмовіцца ад патрабавання платы, бо я не магу парушаць статут ордэна вандроўных рыцараў, па якому рыцары ніколі нідзе не плацілі ні за свой начлег, ні за што-небудзь другое на тых заезджых дварах, дзе яны спыняліся.

— Гэта мяне не тычыцца, — адказаў гаспадар двара, — заплаціце свой доўг і пакіньце мяне ў спакоі з вашымі гутаркамі і рыцарствам: у мяне толькі адны клопаты — атрымаць сваё.

— Вы дурны шынкар, — адказаў Дон-Кіхот і, прышпорыўшы Расінантэ, махаючы кап’ём, ад’ехаў на досыць далёкую адлегласць.

Убачыўшы, што Дон-Кіхот паехаў, нічога не заплаціўшы, гаспадар двара падбег да Санчо, каб атрымаць ад яго па рахунку. Але той адказаў, што раз яго пан не хоча пла-