Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

большай стараннасцю выпіў зелле. Але, як відаць, страўнік беднага Санчо не быў такім далікатным, як страўнік Дон-Кіхота, і таму, раней як яго сарвала, ён адчуў такое смяротнае тамленне і такую страшэнную нудоту, што з яго ліў халодны пот і яму рабілася млосна; ён шчыра быў упэўнены, што надышла яго апошняя гадзіна. Сярод болю і пакут сваіх ён праклінаў бальзам і разбойніка, пачаставаўшага яго ім. Убачыўшы яго ў такім становішчы, Дон-Кіхот сказаў:

— Я думаю, Санчо, што ўсе твае пакуты адбываюцца з той прычыны, што ты не пасвечаны ў рыцары.

— Калі вы, міласць ваша, гэта ведалі, — адказаў Санчо, — няхай буду пракляты я і ўся мая радня — як маглі вы дапусціць, каб я паспрабаваў яго.

У гэтую хвіліну бальзам якраз даў пра сябе ведаць, і бедны зброеносец пачаў так бурна разгружацца, што чаротавая цыноўка, на якую ён зноў кінуўся, і палатняная коўдра, якою ён накрыўся, былі ўжо нягоднымі да карыстання. Разам з тым у яго выступіў пот і ліў з яго ручаем, разам з гэтым, былі такія сударгі і прыпадкі, што не толькі ён сам, але і ўсе акружаўшыя яго думалі, што надыходзіць яго канчына. Гэтыя прыпадкі працягваліся ў яго каля двух гадзін, а калі яны прайшлі, ён не толькі не адчуў палёгкі як яго пан, але да таго аслабеў і быў так разбіты, што не мог трымацца на нагах.

А Дон-Кіхот, адчуўшы сябе, як ужо было сказана, здаровым і бадзёрым, захацеў безадакладна пайсці шукаць прыгод. Яму здавалася, што кожную хвіліну, якую ён тут прабудзе, ён адбірае ад усяго свету і ад тых, каму патрэбна яго абарона і дапамога… Ён сам асядлаў Расінантэ і асла, дапамог свайму зброеносцу апрануцца і ўзлезці на сядло, а потым і сам сеў вярхом. Пад’ехаўшы да кута двара, ён узяў там завостраны шост, мяркуючы выкарыстаць яго як кап’ё. Усе быўшыя на заезджым двары, — было-ж іх больш дваццаці чалавек, — глядзелі на яго са здзіўленнем. Глядзела на яго і гаспадарава дачка, а ён не адрываў ад яе