Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прасі яго даць табе крыху масла, віна, солі і размарына, каб я мог прыгатаваць цалебны бальзам.

Санчо падняўся, адчуваючы страшэнны боль у касцях, і ўпоцемках пайшоў шукаць пакой гаспадара.

— Сен’ёр, зрабіце такую ласку і загадайце даць трохі размарына, масла, солі і віна. Усё гэта неабходна для лячэння аднаго з лепшых вандроўных рыцараў на свеце.

Гаспадар даў яму ўсяго, чаго ён прасіў, і Санчо панёс гэта Дон-Кіхоту, які ляжаў, трымаючыся рукамі за галаву. Ён узяў у Санчо лекавыя рэчы, зрабіў з іх мешаніну і варыў гэта досыць доўга, пакуль яму не здалося, што ўсё гатова. Тады ён папрасіў шклянку, каб выліць туды бальзам; але на заезджым двары не знайшлося шклянкі, і ён парашыў замяніць яе бляшанкай з-пад масла, якую гаспадар велікадушна падараваў яму. Не трацячы часу, Дон-Кіхот, бесперапынна хрэсцячыся, прачытаў над гэтай бляшанкай больш васьмідзесяці малітваў і заклінанняў. Пры ўсёй гэтай цэрамоніі прысутнічалі Санчо і гаспадар двара.

Калі Дон-Кіхот усё скончыў, ён захацеў адразу-ж на сабе паспрабаваць дзейнічанне такога каштоўнага, па яго думцы, бальзама. Ён выпіў каля поўкварты зелля, якое не змясцілася ў бляшанцы і асталося ў кацялку. Але толькі праглынуў ён гэтую порцыю бальзама, як яго пачало так моцна тузаць, што яму ачысціла ўвесь страўнік, а тамленне і пакуты рвоты выклікалі ў яго вялікі пот. Тады ён папрасіў, каб яго цяплей накрылі і пакінулі аднаго. Яны так і зрабілі, і наш рыцар праспаў больш трох гадзін. Потым, прачнуўшыся, адчуў, што сілы яго ўмацаваліся і боль сціх; ён палічыў сябе здаровым і быў глыбока пераконаны, што сапраўды прыгатаваў сапраўдны бальзам і што, маючы гэты сродак, ён можа цяпер харобра ісці ва ўсялякую бойку.

Санчо Панса, якому выгаенне яго гаспадара таксама здалося сапраўдным цудам, папрасіў Дон-Кіхота, каб той дазволіў і яму выпіць усю рэшту, якая асталася ў кацялку, — а там яе было нямала. Дон-Кіхот згадзіўся, і Санчо абодвума рукамі схапіў кацялок і з вялікай верай і з яшчэ