Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А як вы думаеце, ваша міласць, колькі патрэбна часу, каб мы маглі рухаць нагамі? — запытаўся Санчо Панса.

— Не магу вызначыць гэты тэрмін, — адказаў пабіты рыцар Дон-Кіхот. — Але ва ўсім, што здарылася, вінаваты я сам, бо мне не варта было агаляць мяча супроць людзей, якія не былі, падобна мне, пасвечаны ў рыцары. Санчо Панса, ты павінен звярнуць увагу на тое, што я цяпер скажу: калі ты ўбачыш, што падобны зброд пачне абражаць нас, не чакай, каб я падняў супроць іх свой меч (гэтага я ніколі больш не зраблю), а вымай свой і сячы колькі табе захочацца. Калі-ж на помач і ў абарону ім з’явяцца рыцары, я змагу з усёй сваёй магутнасцю абараніць цябе і адбіць іх. Ты-ж на тысячы прыкладаў бачыў, чаго дасягае харобрасць маёй моцнай рукі.

Гэтае папярэджанне пана не вельмі спадабалася Санчо Панса, бо ён не стрымаўся, каб не адказаць:

— Сен’ёр, я — чалавек ціхі, спакойны і міралюбны і магу сцярпець якую давядзецца крыўду, бо я маю жонку і дзяцей, якіх павінен пракарміць і выхаваць… Таму я таксама папярэджваю вашу міласць (бо я не маю права загадваць), што я ніякім чынам не буду падымаць меч ні супроць прасталюдзіна, ні супроць рыцараў і што цяпер і наперад я дарую ўсякую крыўду і абразу, якую мне зрабілі або могуць зрабіць людзі знатнага або нязнатнага роду, багатыя або бедныя, з дваран ці падатнога стану[1], адным словам, якога-б ні было звання або становішча.

Пачуўшы гэта, яго пан адказаў яму:

— Слухай, няшчасны грэхаводнік: калі-б лёс раптам павярнуўся ў наш бок і ветразі нашых жаданняў так умацаваліся, што мы шпарка і бесперапынна ўвайшлі-б у гавань аднаго з тых астравоў, якія я табе абяцаў, што зрабілася-б з табой, калі-б пасля таго, як я заваяваў яго, я прызначыў цябе губернатарам? Ты зрабіў-бы немажлівым гэтае свае прызначэнне тым, што ты не рыцар, не жадаеш ім быць

  1. Чалавек, які плоціць падатак, ад якога дваране (ідальго) былі вызвалены.