Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і не маеш ні мужнасці, ні намеру помсціць за зробленыя табе крыўды і абараняць свае валоданні. Ты павінен ведаць, што ў каралеўствах і правінцыях, нядаўна заваяваных, жыхары зусім не такія спакойныя і не такія верныя свайму новаму ўладару, каб не баяцца іхніх спроб яшчэ раз змяніць існуючы лад. Вось чаму неабходна, каб новы ўладар меў розум і майстэрства кіраваць, а таксама і мужнасць, каб, гледзячы на абставіны, мог нападаць або абараняцца.

— У выпадках, якія толькі што здарыліся з намі, — адказаў Санчо, — я хацеў-бы мець той розум і мужнасць, пра якія казала ваша міласць; але, клянуся вам сумленнем беднага чалавека, мне больш патрэбны прыпаркі, як гутаркі. Хто-б мог сказаць, што пасля страшэнных удараў мяча, якімі ваша міласць узнагародзіла таго няшчаснага вандроўнага рыцара, так шпарка і нечакана адбудзецца вялікі гураган удараў дубінкамі, якія палі на нашы плечы.

— Твае плечы, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — напэўна яшчэ звыклыя да такога сорту гураганаў, але мае, з дзяцінства накрытыя тонкім галандскім палатном, як відаць, больш адчувальныя да жахаў гэтай катастрофы.

— Сен’ёр, калі такія няшчасці складаюць славу, заваёваную рыцарствам, скажыце мне, ваша міласць, ці часта яны здараюцца адно за адным, або ў якія-небудзь пэўныя тэрміны, бо, мне думаецца, пасля двух такіх боек мы будзем нягодныя для трэцяй…

— Ведай, сябра Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — што жыццё вандроўных рыцараў падупадае тысячы небяспек і няшчасцяў. Але таксама ў іх непасрэднай уладзе не больш не менш, як зрабіцца імператарамі і каралямі, як гэта сведчаць прыклады многіх і розных рыцараў, гісторыі якіх мне добра вядомы. Мне хацелася-б, каб ты, Санчо, ведаў, што раны, зробленыя прыладай, якая знаходзіцца ў руках, не лічацца ганебнымі. Напрыклад, калі шавец ударыць другога капылом, які трымае ў руках, то хаця гэты капыл такое-ж дрэва, як і палена, але ўсё-ж так нельга сказаць, што той, каго ўдарылі капылом, быў пабіты паленам. Кажу гэта, каб ты