Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Адзін я варты сотні, засупярэчыў Дон-Кіхот і, не трацячы больш слоў, агаліў меч і кінуўся на пагоншчыкаў. Тое-ж зрабіў і Санчо Панса, захоплены прыкладам свайго пана. Дон-Кіхот з першага разу ўдарыў аднаго пагоншчыка і рассек на ім скураное паўкафтанне, а таксама і значную частку пляча. Галісійцы, убачыўшы, што іх так жорстка б’юць усяго толькі два чалавекі, а іх саміх так многа, схапілі дубіны і, акружыўшы сваіх праціўнікаў, бязлітасна і з запалам пачалі сыпаць на іх град удараў. Праўда, што пасля другога ўдару Санчо ўжо ляжаў на зямлі, і тое-ж здарылася з Дон-Кіхотам, якому не дапамаглі ні спрытнасць яго, ні мужнасць. Здарылася так, што ён паваліўся да ног Расінантэ, які ўсё яшчэ не мог падняцца, з чаго лёгка зрабіць вывад, як страшэнна дзейнічаюць дубіны ў руках раззлаваных сялян.

Калі галісійцы ўбачылі, якую яны заварылі кашу, яны з вялікай паспешнасцю забрыталі сваіх кабыл і паехалі далей, пакінуўшы двух шукальнікаў прыгод распасцёртымі на зямлі ў вельмі няшчасным становішчы і ў яшчэ горшым настроі.

Першым апамятаўся Санчо Панса. Убачыўшы, што ён ляжыць поплеч са сваім панам, ён слабым і жаласным голасам праказаў:

— Сен’ёр Дон-Кіхот, ах, сен’ёр Дон-Кіхот!

— Чаго ты хочаш, брат Санчо? — адгукнуўся Дон-Кіхот такім-жа слабым і жаласным голасам, як і Санчо Панса.

— Я хацеў-бы, калі-б гэта было мажліва, — сказаў Санчо Панса, — каб ваша міласць дала мне кроплі дзве цалебнага вашага бальзама, калі ён у вас пад рукой. Можа ён будзе такім цалебным для пералому касцей, як і для ран.

— О, каб я меў яго тут — няшчасны я — нічога лепшага нам тады не трэба было-б, — адказаў Дон-Кіхот. — Але клянуся табе, Санчо Панса, гонарам вандроўнага рыцара, што не пазней двух дзён (калі толькі лёс не вырашыць інакш) бальзам гэты будзе ў маім распараджэнні, або ў мяне адсохнуць рукі.