Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/462

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XLII
Пра далейшае губернатарства Санчо Панса і пра іншыя здарэнні, у тым выглядзе, як яны здарыліся

Калі на наступны дзень пасля губернатарскага абыходу сен’ёр губернатар падняўся з ложка, па загаду доктара Педро Рэсіё яму падалі на снеданне крыху варэння і чатыры глыткі халоднай вады. Санчо ахвотна прамяняў-бы гэта на кавалак хлеба і галінку вінаграду, але падначаліўся, бо Педро Рэсіё ўпэўніў яго, нібыта лёгкі харч, прыняты ў нязначнай колькасці, ажыўляе розум і асабліва неабходны людзям, маючым уладу і займаючым высокія пасады. З-за гэтай сафістыкі Санчо цярпеў такі голад, што ўпотайкі праклінаў губернатарства і таго, хто даў яго яму. Тым не менш са сваім голадам і сухім варэннем ён заняў у той дзень судзейскае крэсла. Першая справа была прапанавана на яго разгляд адным чужаземцам.

— Сен’ёр, — сказаў той, — глыбокая рака падзяляе на дзве часткі адно і тое-ж валоданне; на гэтай рацэ стаіць мост. На канцы маста знаходзіцца шыбеніца і нешта накшталт прысутнага месца. Там звычайна засядала чацвёра суддзяў, занятых прыстасаваннем закона, выданага ўласнікам ракі, маста і валодання і маючага ў сабе наступнае: „Калі хто-небудзь пярэйдзе з аднаго берагу на другі цераз гэты мост, ён перад тым павінен сказаць пад прысягай, куды ён ідзе і з якой мэтай; калі ён скажа праўду, яго павінны прапусціць, калі-ж ён схлусіць, яго без ніякага патурання павесяць на стаячай тут-жа шыбеніцы". Ведаючы гэты закон і суровыя яго ўмовы, многія праходзілі церез мост; даючы кляцьбу, яны гаварылі праўду, і суддзі вольна прапускалі іх. Але аднойчы прывялі да прысягі чалавека, які кляўся, што ён ідзе памерці на стаячай на масту шыбеніцы і толькі з гэтай мэтай.

Суддзі параіліся між сабой наконт гэтага і сказалі: „Калі мы вольна прапусцім гэтага чалавека, — ён схлусіў у тым, у чым кляўся, і па закону павінен памерці, а калі мы