Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/461

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свеце ёсць герцагіня, якая пасылае сюды падарункі і піша лісты?

— Сен’ёры мае, — сказаў паж, — я нічога больш не магу сказаць, апрача таго, што сен’ёр Санчо Панса сапраўды губернатар, якім яго прызначылі мае сен’ёры герцаг і герцагіня. Няхай хто-небудзь з вас паедзе са мной і ўбачыць сваімі вачыма тое, чаму не вераць вашы вушы.

— Мне варта-б паехаць з вамі, — сказала Санчыка. — Пасадзіце, міласць ваша, мяне ззаду на каня, і я з вялікай ахвотай накіруюся пабачыцца з маім сен’ёрам бацькам.

— Дачкам губернатараў, — засупярэчыў паж, — непрыстойна вандраваць адным па вялікіх дарогах, іх павінны суправаджаць карэты або насілкі і вялікая світа слуг.

— Клянуся маім бацькам, я таксама добра магу ехаць на асліцы, як і ў калясцы: я не з такіх!

— Маўчы, дзяўчынка, — сказала Тэрэса, — бо ты не ведаеш, што гаворыш! Іншыя часы — іншыя ўчынкі.

— Сен’ёра Тэрэса больш, як нават сама думае, гаворыць праўду, — сказаў паж, — але дайце мне паесці і адпусціце мяне, бо я мяркую вярнуцца яшчэ сёння ўвечары.

На гэта поп сказаў:

— Пойдзем, міласць ваша, да мяне паабедаць, бо ў сен’ёры Тэрэсы больш добрага жадання, як мажлівасці прыняць такога дарагога гасця.

Паж адмаўляўся, але ўрэшце павінен быў згадзіцца, а поп вельмі ахвотна павёў яго да сябе, каб больш падрабязна распытаць пра Дон-Кіхота. Бакалаўр прапанаваў Тэрэсе напісаць адказ на атрыманыя ёю лісты, але яна не захацела, каб ён умешваўся ў яе справы. Яна дала скібку хлеба і пару яек служку, і ён пад яе дыктоўку напісаў два лісты, адзін — яе мужу, а другі — герцагіні. Лісты гэтыя аказаліся не з горшых у параўнанні з пададзенымі ў гэтай вялікай гісторыі, як мы ўбачым ніжэй.