Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/460

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

траве, калі большасць астравоў на Сяродземным моры належыць каралю.

— Сен’ёр Санчо Панса — губернатар, — адказаў паж, — гэта без сумнення. Востраў або не востраў тая мясцовасць, дзе ён губернатарствуе, не мая справа. Досыць, што гэтае мястэчка мае тысячу жыхароў.

Поп і бакалаўр парашылі, што паж жартуе, але дарагія каралы, таксама паляўнічы гарнітур, прысланыя Санчо, збівалі іх з панталыку. Яны не маглі ўтрымацца ад смеху, а Тэрэса сказала:

— Сен’ёр свяшчэннік, ці няма тут каго, хто-б ехаў у Мадрыд або ў Таледо; ён купіў-бы мне круглыя фіжмы, самыя што ні на ёсць модныя, бо я павінна зрабіць чэсць губернатарству майго мужа. Калі я пачну нудзіцца, дык паеду ў сталіцу і завяду сабе там карэту, бо губернатарша вельмі лёгка можа завесці сабе і трымаць карэту.

— А чаму-ж і не, мама! — сказала Санчыка. — Няхай брэшуць тыя, хто ўбачыць мяне седзячай з маёй сен’ёрай маткай у карэце.

— Усе гэтыя шчаслівыя падзеі, — сказала Тэрэса, — напрарочыў мне добры мой Санчо, і ты ўбачыш, дачка, што ён зробіць мяне графіняй, бо ў добрым жыцці самае галоўнае — гэта пачаць. Я часта чула, як добры твой бацька (ён такі-ж бацька прыказак, як і твой) казаў: „калі табе дадуць цёлку, бяжы з вяроўкай; калі табе даюць губернатарства, трымай моцна; калі табе даюць графства, учапіся за яго“.

Пачуўшы гэта, поп сказаў:

— Як відаць, усе члены сям’і Панса нараджаюцца кожны з мехам прыказак у целе.

— Гэта праўда, — сказаў паж, — бо губернатар Санчо гаворыць іх на кожным кроку; хаця многія з іх бываюць недарэчы, тым не менш яны даюць здаваленне маёй сен’ёры герцагіні.

— Няўжо вы, міласць ваша, — сказаў бакалаўр, — усё яшчэ сцвярджаеце, што сапраўды Санчо — губернатар і што на