Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лузе, пакрытым зялёнай травой. Каля яго прывабна цурчэў халодны і свежы ручай, і яны парашылі правесці тут гадзіны сіэсты[1], схаваўшыся ад спякоты.

Дон-Кіхот і Санчо спыніліся і, пакінуўшы асла і Расінантэ пасвіцца на ўсю іхнюю волю на лузе, пакрытым багатай травой, дасталі дарожныя торбы і пачалі знішчаць усё, што там знайшлося. Санчо не паклапаціўся спутаць ногі Расінантэ, бо лічыў яго такім прыстойным і ціхім, што ўсе кабылы з пашы Кардовы не змаглі-б збіць яго з правільнага шляху.

Здарылася так, што на гэтым лузе пасвіўся табун кабыл, якія належалі некалькім галісійскім пагоншчыкам, а ў іх звычай — рабіць у поўдзень адпачынак са сваёй жывёлай у месцах, багатых на траву і ваду, а тая прагаліна, дзе якраз знаходзіўся Дон-Кіхот, была вельмі падыходзячай і для галісійскіх пагоншчыкаў. Расінантэ адчуў ахвоту пагуляць і, не пытаючыся дазволу ў пана, дробным, жвавым бегам накіраваўся да табуна, каб прадставіцца новым знаёмым. Але кабылы прынялі яго ўдарамі капыт і пачалі грызці зубамі, ажно разадралі яму падпругу, і ён стаў голы, без сядла. Аднак горш за ўсё для яго было тое, што пагоншчыкі, убачыўшы яго, падбеглі да яго з дубінамі і так бязлітасна пачалі біць, што ён паваліўся на зямлю ў вельмі няшчасным становішчы.

У гэты час Дон-Кіхот і Санчо, убачыўшы, як білі Расінантэ, прыбеглі, запыхаўшыся, і Дон-Кіхот сказаў, звяртаючыся да Санчо:

— Наколькі я бачу, сябра Санчо, гэтыя людзі не рыцары, а чэрнь, брыдкі зброд; кажу гэта таму, што ты маеш поўнае права памагчы мне ў справядлівай маёй помсце за крыўду, зробленую на нашых вачах Расінантэ.

— Якая тут да чорта помста, — адказаў Санчо, — калі іх больш дваццаці, а нас двое, або, напэўна, усяго толькі паўтара чалавека.

  1. Сіэста — пасляабедзены сон або поўдзённы адпачынак.