Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што ён набывае новы дакумент, які замацоўвае яго права на рыцарскую годнасць.

Казапасы прынялі іх ветліва, і Санчо, прыстроіўшы як мог лепш Расінантэ і свайго асла, сам накіраваўся туды, куды яго вабіў пах ад кавалкаў казлінага мяса, што варылася ў катле над агнём. І хоць ён даследваў-бы ахвотна адразу, ці дастаткова зварылася мяса, каб з катла перайсці ў яго страўнік, але ён не мог гэта зрабіць, бо пастухі знялі кацёл з агню і, расклаўшы на зямлі некалькі аўчын, спешна накрылі свой вясковы стол, па-сяброўску запрасіўшы Дон-Кіхота і Санчо падзяліць з імі бедную вячэру. Шэсць з іх — усе быўшыя ў шалашы — селі гуртам на аўчыны, папрасіўшы перад гэтым з не вельмі далікатнай вясковай ветлівасцю Дон-Кіхота сесці на перакінутую калоду, якую яны падсунулі яму. Дон-Кіхот сеў, а Санчо застаўся стаяць каля яго, каб падаваць яму піць з кубка, зробленага з рога. Убачыўшы, што Санчо стаіць, яго пан сказаў яму:

— Каб ты, Санчо, зразумеў, якое дабро мае ў сабе вандроўнае рыцарства, і як шпарка тыя, хто ў якім-бы ні было стане яму служаць, дасягаюць на свеце павагі і славы, я хачу, каб ты сеў тут, поплеч са мною, і ў грамадзе гэтых добрых людзей злучыўся ў адно з тваім панам і прыродным уладаром, каб ты еў з маёй талеркі і піў з кубка, з якога я п’ю, бо пра вандроўнае рыцарства можна сказаць тое-ж, што гаворыцца пра каханне, менавіта: што яно ўсіх раўняе.

Пастухі елі, маўчалі і глядзелі, як госці іхнія з вялікім гонарам і прыкметным здавальненнем шпарка пасылалі сабе ў рот кавалкі казінага мяса памерам з кулак. Калі было скончана з мясам, пастухі насыпалі ў бараннія скуры многа сухіх жалудоў[1], а таксама палажылі туды і поўкруга сыру, больш цвёрдага, нават калі-б ён быў зроблены з вапны. Між тым не аставаўся забытым і рогавы кубак, бо ён бесперапынна абыходзіў усіх кругам, то поўны, то пусты, як

  1. У Іспаніі — у Ламанчы і ў Эстрамадуры — ёсць сорт смачных і прыгодных для ежы жалудоў.