Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Маўчы, сябра, — адказаў Дон-Кіхот, — яшчэ большыя тайны думаю я адкрыць табе і зрабіць не такую яшчэ ласку, а цяпер трэ’ было мяне палячыць, бо вуха маё баліць мацней, як я таго хачу.

Санчо дастаў з торбы корпіі і мазі.

— Паглядзі, ці няма ў цябе ў торбах якой-небудзь ежы, бо, закусіўшы, мы адразу паедзем шукаць замак, дзе нам можна было-б пераначаваць і падрыхтаваць бальзам, пра які я табе казаў, бо клянуся табе богам, што вуха ў мяне дужа баліць, — сказаў рыцар, калі перавязка была скончана.

— У мяне ёсць тут цыбуліна, кавалак сыру і не ведаю колькі лустаў хлеба, — сказаў Санчо, — але ўсё гэта не ежа для такога харобрага рыцара, як ваша міласць.

— Дрэнна ты разумееш гэтую справу, — адказаў Дон-Кіхот. — Я хацеў-бы, каб ты ведаў, Санчо, што для вандроўных рыцараў гонар і слава не есці цэлы месяц нічога, а калі яны ядуць, дык здавальняюцца тым, што трапляе ім пад рукі. Гэта ты сам добра ведаў-бы, каб прачытаў столькі гісторый, колькі я іх чытаў.

— Прабачце мне, міласць ваша, — сказаў Санчо, — бо я не ўмею ні чытаць, ні пісаць, пра што я ўжо казаў вам, і не ведаю я і не маю разумення аб правілах рыцарскай прафесіі. Але ад гэтага часу буду назапашвацца рознымі сухімі пладамі для вашай міласці, як для рыцара, а для сябе, бо я не рыцар, буду набіваць торбу больш спажыўнымі грунтоўнымі прадуктамі.

Потым Санчо дастаў з сваёй торбы харч, яны абодва пачалі есці мірна і дружна. Аднак, жадаючы хутчэй знайсці сабе начлег, яны шпарка скончылі бедны свой абед і адразу-ж селі вярхом, спяшаючыся, пакуль яшчэ не сцямнела, даехаць да жылога памяшкання. Але сонца схавалася, і яны паспелі толькі даехаць да некалькіх шалашоў коззіх пастухоў і вымушаны былі пераначаваць тут. Наколькі моцна было нездавальненне Санчо, што яны не даехалі да сяла, настолькі яго пан быў здаволены, што будзе спаць пад адкрытым небам, бо кожны раз, як гэта здаралася з ім, яму здавалася,