Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і Санчо, убачыўшы, што ён адстае, пачаў крычаць свайму сен’ёру, каб той пачакаў яго. Дон-Кіхот стрымаў аброць Расінантэ і пачакаў, пакуль яго не дагнаў стомлены зброеносец.

— Я гатоў хоць зараз біцца аб заклад, — сказаў ён, — што больш адважнаму пану, як ваша міласць, я ў жыцці не служыў, і дай бог, каб за гэтую адвагу вы не атрымалі платы, пра якую я казаў. А прашу я вашу міласць толькі аб адным: дайце мне зрабіць вам перавязку, бо з параненага вуха ў вас вельмі цячэ кроў, а ў маёй торбе ёсць корпія і крыху белай мазі.

— Усё гэта было-б лішнім, — сказаў Дон-Кіхот, — калі-б я не забыўся падрыхтаваць шклянку бальзама Фіэрабраса, бо адной кропляй яго можна было-б зэканоміць час і лякарствы.

— Што гэта за шклянка і што за бальзам такі? — запытаўся Санчо.

— Гэта бальзам, — адказаў Дон-Кіхот, — рэцэпт якога я хаваю ў памяці; маючы пры сабе гэтае зелле, нельга баяцца смерці і небяспекі памерці ад якіх-небудзь параненняў. Такім чынам, калі я яго зраблю і дам табе, ты павінен рабіць толькі адно: калі ўбачыш, што ў якой-небудзь бойцы мяне рассеклі папалам, — а гэта часта здараецца, — ты ціхенька падымі тую частку майго цела, якая зваліцца на зямлю, і шпарка, раней як кроў застыгне, прылажы яе да другой часткі цела, якая застанецца на сядле, і старайся злучыць абедзве часткі як мага больш правільна і роўна; потым дай мне выпіць троху бальзама, і ўбачыш, што я зраблюся, як яблыка.

— Калі гэта так, — сказаў Панса, — я цяпер-жа адмаўляюся ад губернатарства на востраве, якое вы мне абяцалі, а ў нагароду за ўсе мае добрыя і шматлікія паслугі прашу толькі аднаго: няхай міласць ваша паведаміць мне рэцэпт гэтага дзівоснага бальзама, бо, напэўна, за унцыю яго дадуць усюды больш двух рэалаў, а больш мне і непатрэбна, каб пражыць жыццё сваё ў дастатку і спакоі. Чаму-ж ваша міласць не спяшаецца прыгатаваць бальзам і навучыць гэтаму і мяне?