Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/394

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Дон-Кіхота ўвесь час мяняўся колер твара: скрозь смуглы колер ён здаваўся пярэстым і падобным да яшмы.

Герцаг і герцагіня ўсімі сіламі стрымліваліся ад смеху, каб не раззлаваць канчаткова Дон-Кіхота, бо яны добра зразумелі злосны намёк Санчо. Каб змяніць гутарку і не даць мажлівасці Санчо сказаць яшчэ новае глупства, герцагіня запытала Дон-Кіхота: якія ў яго весткі пра сен’ёру Дульсінею і ці пасылаў ён ёй у апошні час волатаў або разбойнікаў?

— Сен’ёра мая, мае няшчасці, — адказаў рыцар, — ніколі не будуць мець канца. Волатаў я перамагаў і разбойнікаў пасылаў ёй; але дзе ім знайсці яе, калі яна зачараваная і ператворана ў самую брыдкую сялянку, якую можна толькі ўявіць сабе.

— Не ведаю, — сказаў Санчо Панса, — мне яна здаецца самым чароўным стварэннем у свеце. Я добра ведаю, што па лёгкасці і ўмельству скакаць яна паспрачаецца з канатным скакуном. Сумленна кажучы, сен’ёра герцагіня, яна ўскоквае з зямлі на асліцу, як кошка.

Духоўная асоба, пачуўшы гутарку пра волатаў, разбойнікаў і чараўніцтва, здагадалася, што перад ім той самы Дон-Кіхот Ламанчскі, гісторыю якога герцаг так ахвотна чытаў. Духаўнік часта папікаў яго, кажучы, што няма сэнсу чытаць падобныя глупствы. Пераканаўшыся ў тым, што яго падазрэнні справядлівыя, ён, ахоплены гневам, звярнуўся да герцага, кажучы:

— Вашай светласці, сен’ёр мой, давядзецца трымаць адказ перад богам за тое, што гэты добры чалавек робіць. Гэты Дон-Кіхот, або дон вар’ят, як-бы ён ні называўся, па-мойму зусім не такі вар’ят, як ваша светласць хоча, даючы яму выпадак працягваць свае шаленствы і вар’яцтвы.

Потым, звярнуўшыся да Дон-Кіхота, ён сказаў:

— А вы, гладышовая душа, хто вам сказаў, што вы — вандроўны рыцар, перамагаеце волатаў і бярэце ў палон зладзеяў? Дзе вы бачылі вандроўных рыцараў? Дзе волаты ў Іспаніі або разбойнікі ў Ламанчы, або зачараваныя Дуль-