Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/391

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А вось з ім, — адказала дуэн’я, — з гэтым добрым чалавекам, які вельмі настойліва просіць мяне пайсці завесці ў стайню яго асла, пакінутага ім ля варот замка.

— Я сказаў гэта з той прычыны, — апраўдваўся Санчо, — што любоў мая да асла вельмі ўжо вялікая. Апрача таго, я быў упэўнены, што нельга даручыць яго чалавеку больш жаласнаму, як сен’ёра дон’я Родрыгес.

Дон-Кіхот, які ўсё чуў, запытаў у Санчо:

— Ці падыходзіць такая гутарка тут, у такім месцы?

— Сен’ёр, кожнаму даводзіцца гаварыць пра тое, што яму патрэбна, дзе-б ён ні знаходзіўся. Тут я ўспомніў пра Шэрага і тут гаварыў пра яго: калі-б я ўспомніў пра яго ў стайні, я гаварыў-бы там.

— Санчо гаворыць праўду, — умяшаўся тут герцаг, і вінаваціць яго няма за што, Шэраму будзе дадзена столькі корму, колькі ён можа з’есці, Санчо можа не баяцца, бо за яго аслом будуць даглядаць таксама, як за ім самім.

Сярод гэтых цікавых для ўсіх, апрача Дон-Кіхота, гутарак яны падняліся ўгару па лесніцы. Рыцара ўвялі ў залу, прыбраную багатай тканінай з парчы і золата. Шэсць дзяўчат знялі з яго ўзбраенне і служылі яму пажамі. Усе яны былі папярэджаны герцагам і так вялі сябе з Дон-Кіхотам, як трэба па рыцарскіх раманах. Дон-Кіхот астаўся ў вузкіх штанах і замшавым камзоле, высокі, сухі і даўгі. З яго фігуры рассмяяліся-б прыслугоўваючыя яму дзяўчаты, каб яны з усёй сілы не імкнуліся схаваць сваю весялосць (гэта быў адзін з самых строгіх загадаў, дадзеных ім іхнімі панамі). Ён прасіў паклікаць Санчо і пасля таго, як зачыніўся з ім у пакоі, звярнуўся да яго са словамі:

— Скажы мне, новаспечаны жартаўнік і ўсягдашні ёлап, ці дабра было з твайго боку зневажаць такую дастойную павагі дуэн’ю? Хіба сен’ёры гэтыя такія, што могуць пакінуць на голад жывёлу ў той час, калі яны так ветліва прымаюць гаспадароў гэтай жывёлы? Прашу цябе, Санчо, стрымлівайся! Вядзі сябе так, каб не прыкмецілі па нітцы, з якой таўстой і грубай пражы ты сатканы. Хіба ты не ра-