Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чакаў яго і глядзеў, чым скончыцца ўвесь гэты жах. Не жадаючы чакаць канца прыгоды, яны паехалі далей.

У гэты час Дон-Кіхот, як ужо было сказана, гутарыў з дамай, сядзеўшай у фаэтоне, кажучы ёй:

— Ваша прыгожасць, сен’ёра мая, можа цяпер рабіць, што ёй захочацца, бо гордасць насільнікаў вашых разбіта ў пух і прах маёй моцнай рукой. Каб вызваліць вас ад клопату даведвацца імя вашага вызваліцеля, скажу, што я — Дон-Кіхот Ламанчскі, вандроўны рыцар, шукальнік прыгод і палоннік непараўнальнай і прыгожай дон’і Дульсінеі Табоскай. Як падзяку за зробленую вам паслугу, я прашу вас толькі пра адно: каб вы вярнуліся ў Табосо, ад майго імя прадставіліся сен’ёре Дульсінеі і расказалі ёй тое, што я зрабіў для вашага вызвалення.

Адзін з коннікаў, суправаджаўшых фаэтон, родам біскаец, чуў, што гаварыў Дон-Кіхот. Убачыўшы, што ён не пускае фаэтон ехаць далей, а патрабуе, каб ён павярнуў адразу-ж у Табосо, коннік пад’ехаў да Дон-Кіхота, схапіў яго кап’ё і звярнуўся да яго:

— Ідзі, рыцар, хоць да чорта! Клянуся богам, стварыўшым мяне, калі будзеш перашкаджаць ехаць фаэтону, я заб’ю цябе, і гэта праўда, як я — біскаец.

Дон-Кіхот вельмі спакойна адказаў яму:

— Калі-б ты быў рыцар — але ты не рыцар, — я ўжо пакараў-бы цябе за твае дурныя словы і дзёрзкасць, брыдкае стварэнне.

— Я не рыцар? Кінь кап’ё, вазьмі ў рукі меч, і адразу ты ўбачыш, рыцар я, ці не…

Дон-Кіхот, кінуўшы кап’ё на зямлю, агаліў меч, накрыўся шчытам і пайшоў на праціўніка з яўным намерам пазбавіць яго жыцця.

Біскаец, убачыўшы гэта, хацеў саскочыць з мула, бо той быў дрэнны, з наёмных, ён не мог яму давяраць, але не паспеў зрабіць нічога другога, як толькі агаліць меч. На шчасце сваё, ён быў недалёка ад фаэтона, адкуль мог узяць падушку, якая замяніла яму шчыт. Праціўнікі кінуліся адзін