Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/319

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі палкае ваша жаданне змагацца, сен’ёр рыцар, не пагасіла ў вас ветлівасці, імем яе прашу вас падняць крыху забрала, каб я мог убачыць, ці адпавядае мужнасць вашага твара ўсёй астатняй вашай фігуры.

— Выйдзеце вы пераможаным або пераможцам з бойкі, сен’ёр кабальеро, — адказаў рыцар Люстраў, — у вас будзе часу болей, як трэба, каб убачыць мяне. Мне здаецца, я зрабіў-бы вялікую знявагу прыгожай Касільдэі дэ-Вандалія, калі-б патраціў час хоць настолькі, колькі патрэбна, каб падняць маё забрала, не прымусіўшы вас раней прызнаць тое, што я патрабую ад вас.

— Але, покуль мы сядаем на коні, вы маглі-б сказаць, ці той я Дон-Кіхот, якога вы нібыта перамаглі.

— Вы падобны на рыцара, якога я перамог, як адно яйка на другое яйка, але калі вас праследуюць чараўнікі, дык не адважваюся сцвярджаць, ці той вы, або не.

— Гэтага з мяне досыць, каб пераканацца ў вашай памылцы. А каб зусім вывесці вас з яе, мне спатрэбіцца меншы тэрмін, як той, які вам патрэбен, каб падняць ваша забрала. Калі мая чэсць, мая сен’ёра і рука мая мяне падтрымаюць, я ўбачу ваш твар, а вы ўбачыце, што я не пераможаны Дон-Кіхот, за якога вы мяне лічыце.

Спыніўшы сваю гутарку, яны селі на коні. Дон-Кіхот павярнуў Расінантэ, каб ад’ехаць на неабходную адлегласць і потым паскакаць насустрач свайму праціўніку, тое-ж зрабіў і рыцар Люстраў. Але Дон-Кіхот не ад’ехаў і дваццаці крокаў, як незвычайны нос зброеносца Лесу кінуўся яму ў вочы. Ён быў здзіўлены гэтым відовішчам не менш за Санчо і падумаў: страшыдла перад ім або чалавек новай пароды, яшчэ нябачанай на свеце? Санчо-ж не захацеў аставацца адзін-на-адзін з насатым зброеносцам. З гэтай прычыны ён пабег за сваім панам, схапіў адно стрэмя і сказаў Дон-Кіхоту:

— Упрашаю вашу міласць, сен’ёр мой, раней як вы павернецеся, каб сустрэцца з вашым праціўнікам, памажыце мне ўзлезці на тое пробкавае дрэва. Адтуль мне будзе