Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяпер-жа даводжу да ведама вашай міласці, што запішу на ваш рахунак усю шкоду, якая можа быць з нашай сваркі.

— Добра, — адказаў зброеносец рыцара Лесу, — няхай прыдзе дзень, а там ужо відаць будзе.

Між тым на дрэвах пачалі цілікаць тысячы ўсялякіх пярэстых птушак. Здавалася, што яны сваім вясёлым спевам сустракаюць і прывітаюць малады золак, які ўжо скінуў посцілку з прыгожага свайго твара і страсануў з валасоў мірыяды растопленых пэрлаў, у дзіўнай вільгаці якіх купаліся расліны.

Досвіткам першае, што кінулася ў вочы Санчо Панса, быў нос зброеносца Лесу такога памеру, што цень ад яго падаў амаль на ўсё яго цела. Сапраўды, гэты нос быў нечуваных памераў, пасярэдзіне ўпрыгожаны гарбом, увесь у бародаўках, колеру зялёна-фіялетавага і спускаўся ён на два пальцы ніжэй рота. Памер носа, колер яго, бародаўкі і горб так скрыўлялі твар зброеносца Лесу, што ў Санчо задрыжэлі рукі і ногі, як у дзіцяці ў прыпадку эпілепсіі; ён парашыў лепш дазволіць ударыць сябе хоць дзвесце разоў, чымся даць абудзіць свой гнеў і пачаць бойку з пачварай.

Дон-Кіхот таксама хацеў глянуць на свайго праціўніка, але на ім быў ужо надзеты шлём і спушчана забрала; ён прыкмеціў толькі, што гэты чалавек моцна складзены і невысокага росту. На латах у яго была туніка з матэрыі, якая здавалася тонкім золатам і была асыпана маленькімі месяцападобнымі бліскучымі люстрамі. Гэта надавала яму надзвычайна раскошны і прыгожы выгляд. Над шлёмам у яго калыхалася многа зялёных, жоўтых і белых пер’яў; кап’ё, якое ён прыхіліў да дрэва, было вельмі вялікае, важкае і са сталёвым спічаком, даўжынёю больш як на пядзь.

Усё гэта Дон-Кіхот разгледзеў і з гэтага зрабіў вывад, што рыцар Лесу — вялікай сілы. Але гэта не спалохала яго, як Санчо Панса; наадварот, прыняўшы зграбны выгляд, ён звярнуўся да рыцара Люстраў, кажучы: