Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бачыш ты трыццаць або больш страшных волатаў, з якімі я думаю біцца ў бойцы і пазбавіць іх жыцця? А здабычай, адабранай у іх, мы пакладзем пачатак нашаму абагачванню.

— Якія волаты? — запытаўся Санчо Панса.

— Вось тыя, што ты бачыш, — адказаў яго пан, — з вялізарнымі рукамі. У некаторых яны даўжынёю бадай у дзве мілі.

— Паглядзіце добра, міласць ваша, — адказаў Санчо, — тое, што вы там бачыце, гэта не волаты, а ветракі, і тое, што вы лічыце іхнімі рукамі, — млынавыя крыллі, якія паварочвае вецер, а яны прыводзяць у рух жорны.

— Адразу відаць, — адказаў Дон-Кіхот, — што ты мала ведаеш у справе прыгод. Гэта волаты, а калі ты баішся, ідзі адсюль і чытай малітвы ў той час, як я пачну з імі няроўную і жорсткую бойку.

З гэтымі словамі Дон-Кіхот прышпорыў свайго Каня Расінантэ, не звяртаючы ўвагі на крыкі, якімі яго зброеносец Санчо папярэджваў яго. Аднак рыцар не чуў крыкаў Санчо, не бачыў і не адрозніваў што, такое перад ім, хоць пад’ехаў блізка да млыноў, і гучным голасам крычаў ім:

— Не ўцякайце, баязлівыя і подлыя стварэнні, бо толькі адзін рыцар ідзе супроць вас!

У гэты час пачаў дзьмухаць лёгкі вецер, і вялікія млынавыя крыллі пачалі рухацца. Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот усклікнуў:

— Хоць-бы вы махалі яшчэ большай колькасцю рук, вы за гэта паплоціцеся мне!

Потым, накрыўшы сябе шчытам, з кап’ём у руках ён накіраваўся на ўвесь галоп наперад і атакаваў бліжэйшы млын. Але ў тую хвіліну, калі ён уваткнуў кап’ё ў яго крыло, вецер так шалёна павярнуў гэтае крыло, што кап’ё разляцелася ўшчэнт, а Дон-Кіхот і конь былі падняты і з размаху адкінуты далёка ў поле. Санчо Панса заспяшаўся з усіх капыт свайго асла на дапамогу свайму пану, і калі ён пад’ехаў да яго, то ўбачыў, што той не можа паварухнуцца.