Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ратуй нас, божа! — сказаў Санчо. — Ці не казаў я вашай міласці, каб вы падумалі пра тое, што робіце, і што перад вамі не што іншае, як ветракі, і не ведаць гэтага мог толькі той, у каго ў галаве былі такія-ж другія ветракі.

— Маўчы, сябра Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — ваенныя справы больш за другія падупадаюць пад усягдашнія ператварэнні. Тым больш, што я думаю, — і яно так ёсць у сапраўднасці, — чараўнік, украўшы ў мяне пакой з кнігамі, ператварыў і гэтых волатаў у ветракі, каб адабраць ад мяне славу перамогі над імі, — такая ўжо нянавісць яго да мяне. Але ўрэшце мой добры меч пераможа ўсе яго злыя намеры.

— Што бог дасць, тое і будзе! — адказаў Санчо Панса, памагаючы Дон-Кіхоту падняцца і садзячы яго на Расінантэ, у якога ледзь не былі вывіхнуты лапаткі.

Гутарачы пра здарэнне, якое адбылося з імі, яны паехалі па дарозе да горнай цясніны Лапісе. Рыцар быў дужа засмучаны стратай свайго кап’я і, гаворачы пра гэта са сваім зброеносцам, сказаў:

— Памятаю, я чытаў недзе, што іспанскі рыцар, па імю дон Дыего Перэс дэ-Варгас, страціўшы ў бойцы меч, адламаў ад дуба вялікі сук і ў той-жа дзень зрабіў з ім масу геройскіх учынкаў. Я кажу табе гэта з той прычыны, што і я думаю адламаць ад першага дуба такі-ж вялікі сук і з ім спадзяюся зрабіць такія ўчынкі, што ты будзеш лічыць за шчасце мець гонар бачыць іх.

— Дай бог, — сказаў Санчо. — Я веру ўсяму, што кажа ваша міласць. Але выпрастайцеся крыху, а то, здаецца, быццам вы схіліліся на адзін бок; напэўна гэта ад удару.

— Праўда, — адказаў Дон-Кіхот, — калі я не скарджуся на боль, дык толькі таму, што вандроўным рыцарам не дазволена скардзіцца на раны, атрыманыя імі, якія-б яны ні былі, хоць-бы нават кішкі вываліліся вон.

— Калі гэта так, я нічога не магу супярэчыць, — адказаў Санчо. — Але я быў-бы рады, каб ваша міласць скардзілася, калі ў вас што-небудзь баліць. Пра сябе-ж магу сказаць,