Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з рыцараў свайго часу і самы гарачы абаронца дзяўчат. Але твае словы мог-бы пачуць і такі рыцар, ад якога табе давялося-б дрэнна. Не ўсе-ж рыцары ветлівыя і разважлівыя, ёсць між імі абібокі і нядобра выхаваныя. Трэба мець умельства распазнаваць гэтыя два рады рыцараў, так падобных па імені і так розных па дзейнічанню.

— Чаго вы толькі не ведаеце, сен’ёр дзядзька! А тым не менш, вы апынуліся ў такім вар’яцтве, што ўяўляеце сябе ваяўнічым — калі вы стары, дужым — калі вы слабы, а галоўнае — лічыце сябе рыцарам, не з’яўляючыся ім, бо ідальго могуць быць рыцарамі, але не тыя, хто бедныя.

— Многа праўды ў тым, што ты гаворыш, пляменніца, — адказаў Дон-Кіхот. — Для беднага рыцара няма іншага шляху праявіць сябе рыцарам, як толькі шлях добрадзейнасці: ён павінен быць ласкавым, добра выхаваным, ветлівым, велікадушным, павінен аказваць паслугі. Кожны, убачыўшы яго ўпрыгожаным вышэйазначанай добрадзейнасцю, будзе меркаваць пра яго, як пра чалавека добрага паходжання. Заўсёды пахвала была ўзнагародай добрадзейнасці. Два шляхі, дочкі мае, могуць прывесці людзей к дасягненню багацця і пашаны: адзін шлях — навука, другі — зброя. Я аддаю перавагу зброі перад навукай і вымушаны ісці па гэтай дарозе. Дарэмна пераконваеце мяне, каб я не хацеў таго, да чаго імкнуся ўсёй воляй. Я ведаю, што сцежка добрадзейнасці вельмі вузкая, а дарога зла шырокая і прасторная; ведаю, што мэта і канец іх розныя, бо шырокая і прасторная дарога зла канчаецца смерцю, а вузкая і цяжкая сцежка добрадзейнасці — бяссмерцем.

— Ах, няшчасная я! — усклікнула пляменніца.

Але ў гэты час пастукаўся ў дзверы Санчо. Пляменніца ўпусціла яго, а Дон-Кіхот вышаў да яго насустрач. Потым абодва яны безадкладна замкнуліся ў пакоі рыцара, дзе ў іх і адбылася другая гутарка, ні ў чым не горшая за першую.