Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сен’ёр мой, — казала ахмістрыня, — калі ваша міласць не хоча ўзяцца за розум і спакойна сядзець дома, дык мне застаецца толькі пайсці і прынесці скаргу каралю.

— Ахмістрыня, — слушна засупярэчыў Дон-Кіхот, — што адказаў-бы на гэта яго вялікасць, мне поўнасцю невядома. Ведаю толькі, што калі-б я быў каралём, я не адказаў бы на такія бязглуздыя просьбы.

— Скажыце, сен’ёр, а пры двары яго вялікасці няма рыцараў?

— Ёсць і вельмі многа. Яны неабходны для бляску каралеўскай вялікасці.

— Чаму-б і вам, ваша міласць, не зрабіцца адным з тых рыцараў, якія з усімі выгодамі служаць свайму каралю, жывучы пры двары?

— Бачыш, сябра, — сказаў Дон-Кіхот, — не ўсе рыцары могуць быць прыдворнымі і не ўсе прыдворныя павінны быць вандроўнымі рыцарамі. Прыдворныя, не пераступаючы парога палаца, вандруюць па ўсім свеце, толькі гледзячы на карту. А мы, сапраўдныя вандроўныя рыцары, і ў спякоту, і ў холад, пад адкрытым небам падупадаем пад непагоду і ўначы і ўдзень, вярхом і пехатою вымерваем усю зямлю ўласнымі крокамі. Мы ведаем ворага не толькі па малюнках, але змагаемся з ім пры кожным зручным выпадку. Усё гэта кажу я табе, ахмістрыня мая, каб ты бачыла розніцу між аднымі і другімі рыцарамі. Было-б вельмі добра, каб усе рыцары ставілі вышэй гэты другі, або, лепш сказаць, першы разрад вандроўных рыцараў.

— Ах, сен’ёр мой! — сказала тады пляменніца. — Усё, што вы гаворыце пра вандроўных рыцараў — байкі і хлусня.

— Клянуся, — раззлаваўся Дон-Кіхот, — калі-б ты не была маёй роднай пляменніцай, я пакараў-бы цябе за багахульства, якое ты сказала. Як! Ці мажліва, каб дзяўчынка адважвалася абвяргаць гісторыі вандроўных рыцараў? Што сказаў-бы сен’ёр Амадыс, калі-б ён гэта пачуў? Між іншым, ён, напэўна, дараваў-бы табе, бо ён быў самы ціхі і ветлівы