Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а пасля досыць доўгага часу ён запытаўся ў ахмістрыні, дзе-ж пакой з яго кнігамі.

Ахмістрыня, якую ўжо навучылі, як адказаць, сказала:

— Які пакой ці што яшчэ вы там шукаеце, ваша міласць? У гэтым доме няма ўжо ні пакоя для кніг, ні кніг, бо ўсё гэта забраў сам д’ябал.

— Не д’ябал, — паправіла пляменніца, — а чараўнік, які з’явіўся сюды на хмары аднойчы ўначы пасля вашага ад’езду, і, зышоўшы з гадзюкі, на якой ён ехаў вярхом, увайшоў у пакой. Не ведаю, што ён там рабіў, але хутка ён вылецеў адтуль праз страху. Увесь дом напоўніўся дымам. Калі-ж мы адважыліся паглядзець, што ён там нарабіў, мы не ўбачылі ні пакоя, ні кніг.

— Гэта — самы мудры чараўнік, вялікі мой вораг, — сказаў Дон-Кіхот. — Ён ненавідзіць мяне за тое, што мне ў будучыні прызначана — як ён з сваіх кніг і мудрагельства даведаўся — стаць у адзінаборства з адным рыцарам, якому ён спрыяе, але той рыцар будзе пераможаны мной, наўпрокі яго жаданню перашкодзіць гэтаму.

Здарылася так, што ён правёў два тыдні вельмі спакойна дома, нічым не паказваючы жадання паўтарыць ранейшыя свае недарэчныя ўчынкі. У гэтыя дні ён з двума сваімі кумамі — з ксяндзом і цырульнікам — вёў дасціпныя гутаркі адносна таго, што свету, як ён казаў, больш за ўсё патрэбны вандроўныя рыцары і што менавіта ў яго асобе ўваскрэсла вандроўнае рыцарства. Часам ксёндз пярэчыў Дон-Кіхоту, а часам згаджаўся з ім, бо калі-б ён не скарыстаў такі падыход, то не мог-бы і абразуміць яго.

Між тым Дон-Кіхот непакоіў сваімі просьбамі аднаго селяніна, свайго суседа, чалавека шаноўнага (калі так можна назваць таго, хто бедны), але не вельмі разумнага. Дон-Кіхот столькі нагаварыў яму, столькі наабяцаў, так доўга і многа пераконваў яго, што бедны селянін нарэшце згадзіўся ехаць з ім і служыць яму ў якасці зброеносца.

Між іншым Дон-Кіхот казаў яму, што яму варта было-б па ўласнай ахвоце суправаджаць яго, бо лёгка можа зда-