Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваўся ён да свайго сяла, з жалем слухаючы глупства, якое казаў Дон-Кіхот. Не менш затужыў і сам Дон-Кіхот; увесь пакамечаны і пабіты, ён ледзь трымаўся на асле і пасылаў час ад часу небу глыбокія ўздыхі.

Упоцемку яны даехалі да мястэчка; але селянін пачакаў, покуль не сцямнела зусім, каб людзі не бачылі пабітага ідальго на асле.

Калі, нарэшце, яму здалося, што прышоў час, ён уехаў у сяло і накіраваўся да хаты Дон-Кіхота, дзе ўсё было ў вялікім перапалоху. Там былі вясковы ксёндз і мясцовы цырульнік, абодва вялікія прыяцелі Дон-Кіхота. Звяртаючыся да іх, ахмістрыня гучным голасам гаварыла:

— Як вы думаеце, ваша міласць сен’ёр Педро Перэс (так звалі ксяндза), ці не здарылася бяда з маім панам? Шэсць дзён ужо не відаць ні яго, ні яго каня, ні шчыта яго, ні кап’я, ні ўзбраення. О, няшчасная я! Мне здаецца, праклятыя гэтыя рыцарскія кнігі, якія ён заўсёды чытае, зацямнілі яго розум. Цяпер я ўспамінаю, што не раз чула, як ён сам з сабою гутарыў, выказваючы жаданне зрабіцца вандроўным рыцарам і шукаць прыгод па ўсім свеце.

Пляменніца казала тое-ж самае:

— Ведаеце, сен’ёр Ніколас (так звалі цырульніка), не раз здаралася, што мой сен’ёр дзядзька чытаў гэтыя няшчасныя кнігі, не адрываючыся, два дні і дзве ночы ўзапар, пасля чаго ён кідаў кнігу, хапаўся за шпагу і калоў ёю сцяну. Калі ён быў вельмі стомлены, ён казаў, што забіў чатырох волатаў, падобных чатыром вежам, а пот, які ліў з яго ад стомы, ён лічыў крывёю з ран, атрыманых ім у бойцы. Тады ён выпіваў вялікі збан халоднай вады і рабіўся спакойным і здаровым, кажучы, што вада гэта — каштоўны напітак, прынесены ім мудрым магутным чараўніком і сябрам яго. Але я сама вінавата ва ўсім, бо не паведамляла вам раней пра дзівацтва майго дзядзькі, каб вы маглі яму памагчы раней, як ён дайшоў да такога становішча, і спалілі-б усе гэтыя бязбожныя кнігі. А іх у яго многа, і яны зусім заслугоўваюць таго, каб іх спалілі, як спальваюць ерэтыкаў.