Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сен’ёр рыцар, — адказаў купец, — упрашаю вашу міласць ад імя ўсіх гэтых прынцаў, якія тут перад вамі, каб не запляміць наша сумленне прызнаннем таго, чаго мы ніколі не бачылі і не чулі, ці не будзеце вы такім добрым, міласць ваша, паказаць нам які-небудзь партрэт той сен’ёры, хоць-бы велічынёй з пшанічнае зерне…

— Вы заплоціце мне за вялікую хулу, сказаную вамі супроць непараўнальнай прыгожасці маёй сен’ёры.

Дон-Кіхот схапіў кап’ё і з такім гневам і шаленствам кінуўся на гаварыўшага, што дзёрзкаму купцу было-б дрэнна, калі-б, па шчасліваму для яго жаданню лёсу, Расінантэ не спатыкнуўся і не паваліўся на поўдарозе. Расінантэ паваліўся, а гаспадар яго пакаціўся па полі на далёкую адлегласць. Калі-ж ён хацеў падняцца, ён ніяк не мог: яму перашкаджалі кап’ё, шчыт, шпоры і шлём разам з цяжарам старажытных лат. І ў той час, калі ён спрабаваў падняцца і не мог, ён казаў:

— Не ўцякайце, людзі баязлівыя, людзі мізэрныя; пачакайце, бо не па сваёй віне, а па віне майго каня я ляжу тут, расцягнуўшыся на зямлі.

Адзін з слуг, якія вялі мулаў, пачуўшы ганарлівыя словы бедака, не мог стрымацца, каб не даць яму адказу па яго спіне. Ён падбег да яго, схапіў яго кап’ё, пераламіў яго на кавалкі і адным з гэтых кавалкаў пачаў так лупцаваць нашага Дон-Кіхота, што, не гледзячы на абараняўшыя яго латы, ён змалоў яго, як зерне на млыне. Паны крычалі свайму слузе, каб ён перастаў біць і пакінуў рыцара, але пагоншчык быў так усхваляваны, што не хацеў кідаць гульню, покуль не выпарыцца ўвесь запас яго гневу. Падняўшы і астатнія кавалкі кап’я, ён усе іх пераламаў на рэбрах няшчаснага рыцара, які, не гледзячы на гэты гураган удараў, не маўчаў, а пагражаў небу і зямлі і разбойнікам, за якіх ён палічыў цяпер праезджых.

Нарэшце пагоншчык замарыўся, і купцы рушылі далей, маючы што расказаць пра беднага пабітага рыцара. А ён, астаўшыся адзін, зноў паспрабаваў падняцца; але як яму