Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цамі з Таледо. Іх было шэсць, і ў руках яны трымалі парасоны. Супразаджалі іх чацвёра конных слуг і трое пагоншчыкаў мулаў пехатою. Як толькі Дон-Кіхот убачыў іх, ён адразу-ж падумаў, што гэта — новая прыгода. Жадаючы ўсё, што яму здавалася мажлівым, рабіць так, як рабілі гэта рыцары, пра якіх ён чытаў у сваіх кнігах, ён парашыў, што гэты выпадак для яго самы зручны.

Зрабіўшы горды і адважны выгляд, ён падняўся на стрэмя, сцяў у руцэ кап’ё, накрыў сабе грудзі шчытам і, спыніўшыся сярод дарогі, пачаў чакаць, каб да яго пад’ехалі вандроўныя рыцары (ён палічыў ужо іх за рыцараў). Калі падарожнікі наблізіліся настолькі, што яны маглі яго бачыць і чуць, Дон-Кіхот гучным голасам і з выклікаючым гэстам усклікнуў:

— Спыніцеся ўсе, калі вы не прызнаеце, што ва ўсім свеце няма больш прыгожай дзяўчыны, як імператрыца Ламанча, непараўнальная Дульсінея Табоская!

Купцы спыніліся, і па фігуры і па словах яны адразу-ж здагадаліся, што маюць справу з вар’ятам, але ім хацелася больш дакладна даведацца, з чаго-ж складаецца прызнанне, якое ад іх патрабуюць, і таму адзін з купцоў, вялікі жартаўнік і чалавек дасціпны, сказаў Дон-Кіхоту:

— Пан рыцар, мы не ведаем той шаноўнай сен’ёры, пра якую вы маеце гонар гаварыць; пакажыце нам яе, і калі яна сапраўды такая прыгожая, як вы сцвярджаеце, мы па добрай волі і без усялякага прымусу прызнаем ісціну, якой вы патрабуеце ад нас.

— Калі-б я паказаў яе вам, — засупярэчыў Дон-Кіхот, — у чым была-б заслуга, што вы прызналі-б такую неабвяргальную ісціну? Сэнс справы ў тым, каб, не бачыўшы яе, вы паверылі, прызналі, пацвердзілі, пакляліся і стаялі-б за гэта. А калі не, біцеся са мной, пачварныя і ганарлівыя людзі! Ці выйдзеце вы на бой па адным, як гэтага патрабуе рыцарскі статут, або ўсе разам, па звычаю і дурной звычцы людзей вашага сорту, — тут я стаю і чакаю вас, ведаючы, што справядлівасць на маім баку.