Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чога другога, як толькі маўчаць і спакойна чакаць, чым скончацца пошукі прыезджых.

Адзін з іх знайшоў юнака, якога шукаў, моцна спаўшага поплеч з пагоншчыкам мулаў. Чалавек той схапіў яго за руку:

— Безумоўна, сен’ёр дон Люіс, вопратка, якая на вас, падыходзіць як нельга больш да вашага стану.

Юнак, праціраючы заспаныя вочы, пільна глянуў на таго, хто трымаў яго, і апазнаў у ім слугу свайго бацькі. Гэта так моцна яго спалохала, што ён доўгі час не мог праказаць ні слова, а слуга казаў:

— Цяпер вам астаецца толькі адно, сен’ёр дон Люіс; разам з намі накіравацца дахаты.

— Але як-жа мой бацька даведаўся, — запытаў дон Люіс, — што я пайшоў па гэтай дарозе і ў гэтай вопратцы?

— Студэнт, якому вы расказалі пра свае намеры, — адказаў слуга, — паведаміў пра іх вашаму бацьку. Зрабіў ён гэта з пачуцця жаласці да гора нашага пана, калі вас не маглі нідзе знайсці. Бацька ваш паслаў за вамі чатырох верхавых, і вось мы ўсе да вашых паслуг…

— Здарыцца толькі тое, што я захачу, або… — адказаў дон Люіс.

— Вы згадзіцеся вярнуцца дахаты, бо нішто іншае немажліва…

Пагоншчык мулаў, поплеч з якім ляжаў дон Люіс, чуў усю гэтую гутарку і, падняўшыся, пайшоў паведаміць пра ўсё, што здарылася, дону Фернандо, Кардэніё і астатнім. Ён паведаміў ім таксама, што той чалавек называе юнака донам, і перадаў усю гутарку, якая адбылася між імі. Усё гэта выклікала ў іх моцнае жаданне больш падрабязна даведацца, хто ён такі, а таксама даць яму падтрымку, калі-б супроць яго хацелі скарыстаць сілу.

Яны накіраваліся туды, дзе малады чалавек яшчэ спрачаўся са сваім слугой. Між тым вышла з пакоя Даратэя, а за ёй вельмі засаромленая дон’я Клара. Адвёўшы ў бок Кардэніё, Даратэя ў кароткіх словах расказала яму гісторыю