Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спевака і дон’і Клары, а ён паведаміў ёй пра тое, што здарылася: аб прыезде слуг, пасланых бацькам юнака шукаць яго. Сказаў ён гэта не так ціха, каб дон’я Клара не магла пачуць яго словы, і яны так усхвалявалі яе, што, калі-б Даратэя не паспела падтрымаць яе, яна павалілася-б проста на падлогу.

Кардэніё прасіў Даратэю вярнуцца з Кларай да сябе ў пакой, а ён паспрабуе ўсё наладзіць.

Усе чацвёра слуг, пасланых шукаць дона Люіса, увайшлі ўжо на заезджы двор і, акружыўшы юнака, настойвалі, каб ён адразу-ж, не трацячы ні хвіліны, вярнуўся да хаты заспакоіць свайго бацьку. Але ён адказаў, што ніякім чынам не можа вярнуцца, покуль не скончыць адной справы, ад якой залежыць яго чэсць і жыццё.

Слугі пачалі наступаць на яго, кажучы, што ні за што не вернуцца дахаты без яго і завязуць яго па добрай волі або сілай.

— Гэтага вы не зробіце, — засупярэчыў дон Люіс, — калі не хочаце завезці мяне мёртвым.

У гэты час падышла на спрэчку большасць падарожнікаў на заезджым двары: Кардэніё, дон Фернандо, яго таварышы, суддзя, поп, цырульнік і Дон-Кіхот, якому здалося, што няма больш патрэбы пільнаваць замак.

— Давайце, даследуем гэтую справу грунтоўна, — сказаў суддзя.

Але слуга, ведаўшы яго як суседа па дому, адказаў:

— Хіба, сен’ёр суддзя, вы не пазнаеце гэтага кабальеро, сына вашага суседа, уцёкшага з дому свайго бацькі?

Суддзя глянуў тады на юнака больш уважліва і, апазнаўшы, абняў яго і сказаў:

— Што гэта за дзіцячыя выбрыкі, дон Люіс? Якія прычыны маглі прымусіць вас вандраваць такім чынам?

Слёзы паказаліся на вачах юнака, і ён не мог адказаць ні слова. Суддзя загадаў чацвярым слугам пачакаць, узяў за руку дона Люіса, адышоў з ім у бок і запытаў у яго, чаму ён зрабіў падарожжа сюды.