Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

біцца як мага хутчэй хрісціянкай, напаўняе мяне захапленнем. Але радасць, перажываемая мною пры думцы, што я належу ёй, а яна — мне, парушаецца тым, што я не ведаю, ці знайду я на маёй радзіме куток, дзе-б я мог прытуліць яе.

Больш мне няма чаго, сен’ёры, паведаміць вам пра маю гісторыю. Пакладаюся на добры ваш разгляд меркаваць пра тое, ці была яна займальнай і прыемнай.


РАЗДЗЕЛ XXX,
у якім паведамляецца пра тое, што адбылося яшчэ на заезджым двары, і пра многія іншыя рэчы, заслугоўваючыя быць расказанымі

Скончыўшы сваё апавяданне, палонны змоўк.

— Магу вас упэўніць, сен’ёр капітан, — сказаў яму дон Фернандо, — умельства, з якім вы расказалі гэтую дзівосную гісторыю, роўна цікавасці і займальнасці расказаных вамі падзей. Задавальненне, якое дало ваша апавяданне, такое вялікае, што мы былі-б рады слухаць вас нанава.

Потым дон Фернандо і ўсе астатнія прапанавалі капітану свае паслугі. Палонны падзякаваў, але не захацеў прыняць ніводную з велікадушных прапаноў.

Надышла ноч. Калі зусім сцямнела, да заезджага двара пад’ехала карэта, а за ёю некалькі верхавых, якія патрабавалі начлега. У адказ гаспадыня сказала, што на ўсім заезджым двары няма ні пядзі незанятага месца.

— Як-бы там ні было, — абвясціў адзін з верхавых, — але месца павінна знайсціся для сен’ёра суддзі, які прыехаў сюды.

Даведаўшыся пра стан госця, гаспадыня замяшалася і сказала:

— Сен’ёр, справа ў тым, што ў мяне няма пасцелі. Калі сен’ёр суддзя вязе з сабой пасцель, дык няхай ён зойдзе ў ваш дом. Муж мой і я гатовы даць яму нанач уласны пакой.

— Няхай будзе так, — сказаў стрэмянны.

У гэты час з карэты вышаў чалавек, вопратка якога паказвала, што ён — суддзя. Ён вёў пад руку маладую дзяў-