Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чыну, на выгляд год шаснаццаці, апранутую па-дарожнаму, але такую вясёлую, прыбраную і прыгожую, што яна ўсіх прымусіла захапляцца.

Дон-Кіхот знаходзіўся тут-жа, калі прыехалі суддзя і маладая дзяўчына. Як толькі ён іх убачыў, ён сказаў:

— Міласць ваша, вы можаце спакойна увайсці і размясціцца ў гэтым замку. Хаця тут цесна і нязручна, але няма той цеснаты і нязручнасці на свеце, дзе-б не знайшлося месца для зброі і для навукі, тым больш, калі спадарожніцай і кіраўніцай іх з’яўляецца прыгожасць, як мы гэта бачым у даным выпадку! Навука ў вашай асобе суправаджаецца прыгожай гэтай дзяўчынай.

Суддзя, здзіўлены словамі Дон-Кіхота, пачаў пільна разглядаць яго і быў здзіўлены як выглядам яго, так і словамі. Сен’ёр суддзя ўвайшоў у дом. Красуні, быўшыя на заезджым двары, прывіталі прыгожую дзяўчыну. Суддзя хутка ўбачыў, што ўсе прысутныя тут былі людзі добрай грамады. Толькі фігура, твар і манеры Дон-Кіхота прыводзілі яго ў замяшанне. Пасля агульнага ўзаемнага абмену ветлівасці ўсе парашылі, каб жанчыны занялі памяшканне на гары, а мужчыны аставаліся на двары, як-бы для аховы іх. Суддзя быў вельмі здаволены тым, што яго дачка, — бо гэта дзяўчына была яго дачкой, — змесціцца з гэтымі сен’ёрамі. З часткай беднай пасцелі гаспадара і з паловай таго, што прывёз з сабой суддзя, дамы прыстроіліся на гэтую ноч лепш, як думалі.

Палонны, як толькі ўбачыў суддзю, адчуў, што ў яго моцна забілася сэрца. Ці не яго гэта брат? Ён запытаў у аднаго з прыехаўшых з ім слуг, як завуць яго пана і ці не ведае ён, адкуль той родам. Слуга адказаў, што яго сен’ёр — лісенсіят Хуан-Педро дэ-Віедма і, наколькі яму вядома, ён родам з мястэчка ў Леонскіх горах. Гэта канчаткова пераканала капітана, што суддзя — той яго брат, які па парадзе бацькі, прысвяціў сябе вывучэнню славесных навук. Усхваляваны і радасны, ён паклікаў у бок дона Фернандо, Кардэніё і папа і расказаў ім пра гэтае здарэнне.