Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грошай з сабой. Няхай Андрэс ідзе са мной, і я дома заплачу яму ўвесь доўг да апошняга рэала.

— Ісці з ім! — усклікнуў хлапчук. — Крый божа! Не, сен’ёр, ні за што на свеце, бо, калі я астануся з ім вока-на-вока, ён здзярэ з мяне скуру.

— Гэтага ён не зробіць, — адказаў Дон-Кіхот. — Дастаткова таго, што я загадваю яму, каб ён паслухаўся, і калі ён мне паклянецца ў гэтым рыцарскім ордэнам, да якога ён належыць, я адпушчу яго на волю і паручуся за выплату ім даўга.

— Звярніце ўвагу, ваша міласць сен’ёр, на тое, што вы гаворыце, — сказаў хлапчук, — бо гэты мой гаспадар не рыцар і не належыць ні да якога рыцарскага ордэна: ён — Хуан Альдудос, багач, і жыве ў Кінтанары.

— Гэта няважна, — адказаў Дон-Кіхот, — і Альдудосы могуць быць рыцарамі, тым больш, што кожны — сын сваёй справы.

— Зусім правільна, — згадзіўся Андрэс, — але гэты мой гаспадар сын якой-жа справы, калі ён адмаўляецца плаціць мне за цяжкую работу?

— Я не адмаўляюся, брат Андрэс, — сказаў селянін. — Зрабіце мне ласку, пойдзем са мной, і я клянуся ўсімі рыцарскімі ордэнамі, якія існуюць на свеце, што заплачу вам да апошняга рэала, ды яшчэ грашыма, апырсканымі духамі.

— Ад апырсквання духамі вызваляю вас, — сказаў Дон-Кіхот, — заплаціце яму свой доўг простымі рэаламі; на гэтым я здаволюся. Але глядзіце, выканайце тое, у чым кляліся, а калі не, той-жа кляцьбой клянуся вам, што знайду і пакараю вас, хоць-бы вы схаваліся лепш яшчаркі. Калі вы хочаце ведаць, хто вам загадвае гэта, ведайце, што я — адважны Дон-Кіхот Ламанчскі, абаронца прыгнечаных і помснік за пакрыўджаных. Бывайце, і не забывайце таго, што вы абяцалі і ў чым кляліся, пад пагрозай абвешчанага вам пакарання.

З гэтымі словамі Дон-Кіхот прышпорыў Расінантэ і хутка знік з вачэй. Селянін паглядзеў яму ўслед і, калі перака-