Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Убачыўшы тое, што адбываецца, Дон-Кіхот гнеўным голасам усклікнуў:

— Бессумленны рыцар, не падыходзіць вам нападаць на таго, хто не можа абараняцца! Сядайце зараз-жа на свайго каня, бярыце кап’ё, і я пакажу вам, што толькі адны баязліўцы могуць так рабіць, як вы!

Убачыўшы гэтую ўзброеную з галавы да ног фігуру, якая махала кап’ём над яго галавой, — селянін палічыў сябе загінуўшым і адказаў яму па-добраму:

— Сен’ёр рыцар, хлапчук, якога я караю, мой слуга і пасе статак авечак у гэтай мясцовасці, але ён такі неакуратны, што кожны дзень губляе па авечцы. А калі я яго караю за яго неахайнасць і хітрасць, ён гаворыць, што я гэта раблю з скнарасці, каб не заплаціць пенсію, якую я яму вінен. Але, клянуся богам і сваёй душой, ён хлусіць.

— Хлусіць у вочы, брыдкі нягоднік!.. — крыкнуў Дон-Кіхот. — Клянуся сонцам, якое нам свеціць, я гатоў пракалоць вас наскрозь гэтым кап’ём. Заплаціце яму зараз-жа без ніякіх супярэчанняў, а калі не, дык клянуся богам, які кіруе намі, я тут-жа разлічуся з вамі і ў момант знішчу вас. Зараз-жа адвяжыце хлапчука!

Селянін апусціў галаву і, не адказваючы ні слова, адвязаў свайго слугу, у якога Дон-Кіхот запытаўся, колькі гаспадар вінен яму.

Хлапчук сказаў, што яму належыць заробак за дзевяць месяцаў па сямі рэалаў[1] у месяц.

Дон-Кіхот палічыў, колькі гэта складзе, і вышла шэсцьдзесят тры рэалы. Тады ён сказаў селяніну, каб той зараз-жа раскашэліўся, калі не хоча развітацца з жыццём.

Баязлівы селянін пачаў бажыцца месцам, на якім ён стаіць, і дадзенай ім кляцьбой (хаця ён ніякай кляцьбы не даваў), што ён вінен менш.

— На жаль, сен’ёр рыцар, — адказаў селянін, — у мяне няма

  1. Манета ў 25 сантымаў або чвэрць франка; на нашы грошы менш дзесяці капеек.