Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што яна і абяцала зрабіць. Другая дама прымацавала Дон-Кіхоту шпоры і ў яе з ім адбылася такая ж гутарка, як і з той, што апаясала яго мячом.

Як толькі цэрамонія пасвячэння была скончана, Дон-Кіхот парашыў хутчэй сесці на каня і ехаць у пошукі за прыгодамі. Сеўшы на Расінантэ, ён абняў гаспадара і нагаварыў яму столькі дзіўных рэчаў, дзякуючы яго за пасвячэнне ў рыцары, што перадаць іх у дакладнасці немажліва. Гаспадар, жадаўшы толькі аднаго — каб ён хутчэй паехаў з заезджага двара — адказаў яму ў тым-жа ўзвышаным тоне, але больш каротка, і, не патрабуючы платы за начлег, адпусціў яго.


РАЗДЗЕЛ IV
Што здарылася з нашым рыцарам, калі ён паехаў з заезджага двара

Пачынала віднець, калі Дон-Кіхот выехаў з заезджага двара, задаволены, вясёлы і ў такім захапленні ад думкі, што цяпер ён пасвечаны ў рыцары, што радасць яго ледзь не пырскала з падпругі яго каня. Але, успомніўшы парады гаспадара адносна так неабходных для яго запасаў, асабліва грошай і сарочак, ён парашыў вярнуцца дахаты — назапасіцца ўсім гэтым, а таксама і знайсці сабе зброеносца. З гэтай думкай ён павярнуў на дарогу да сваёй вёскі, Расінантэ, які нібы здагадаўся, у чым справа, шпарка пабег, быццам яго ногі не датыкаліся зямлі.

Недалёка ад’ехаў Дон-Кіхот, як раптам яму здалося, што направа, з гушчара лесу чуеццца жаласны енк.

Таргануўшы за аброць Расінантэ, ён павярнуў яго да таго месца, адкуль, як яму здалося, чуюцца стогны. Не паспеў ён уехаць у лес, як на адлегласці некалькіх крокаў убачыў кабылу, прывязаную да дуба, а да другога дуба быў прывязаны аголены ад пояса ўгару хлапчук год пятнаццаці, які крычаў, і не без прычыны, бо здаровы селянін не шкадуючы біў яго рамянём з пражкай.