Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мы не пытаемся ў яе нічога, — адказала Люсінда, — а толькі прапаноўваем ёй на гэтую ноч сваё таварыства і частку пакоя, у якім мы заначуем і дзе яна знойдзе ўсе выгоды, мажлівыя ў гэтым памяшканні.

— За яе і за сябе, — адказаў палоннік, — цалую вам рукі, сен’ёра мая.

— Скажыце мне, сен’ёр, — запытала Даратэя, — гэтая дзяўчына — хрысціянка або маўрытанка?[1]

— Па вопратцы і паходжанню яна — маўрытанка, але душой — найвялікшая хрысціянка.

— Значыць, яна яшчэ няхрышчаная? — запыталася Люсінда.

— Не было часу для гэтага, — сказаў палоннік. — Але хутка яна прыме хрышчэнне з урачыстасцю, падабаючай яе стану, больш высокому, як можа здацца па яе і маёй вопратцы.

Гэтымі словамі ён абудзіў ва ўсіх слухаўшых яго жаданне даведацца, хто такія маўрытанка і палоннік. Але ніхто не хацеў пытацца ў яго пра гэта адразу-ж, добра разумеючы, што цяпер ім трэба даць адпачынак. Даратэя ўзяла маўрытанку за руку і, пасадзіўшы яе поплеч з сабой, папрасіла зняць пакрывала. Маўрытанка глянула на палонніка, як-бы пытаючыся ў яго, што яны гавораць і што ёй трэба рабіць. Ён сказаў ёй на арабскай мове, што яе просяць зняць з твара пакрывала і яна можа выканаць гэтую просьбу. Яна зняла вуаль і адкрыла твар, да таго прыгожы, што Даратэя знайшла яе прыгажэй Люсінды, а Люсінда — прыгажэй Даратэі. Дон Фернандо запытаў палонніка, як завуць маўрытанку, і той адказаў, што яе імя — Лела Сараіда. Толькі яна пачула гэта, як адразу-ж зразумела, пра што запыталіся ў хрысціяніна, і паспешна, з мілай жвавасцю, усклікнула: „Не, не Сараіда, Марыя, Марыя!“ — даючы гэтым зразумець, што яе завуць Марыя, а не Сараіда.

Гаспадар двара пусціў у ход усе клопаты і намаганні, каб як можна лепш прыгатаваць вячэру. Калі прышла пара,

  1. Маўры былі мусульмане.