Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усе селі за даўгі стол. На самым шаноўным месцы пасадзілі, хаця ён і адмаўляўся, Дон-Кіхота, захацеўшага, каб поплеч з ім села (бо ён яе апякун) сен’ёра Мікамікона. Усе пачалі весела вячэраць.

Калі скончылі вячэраць, дон Фернандо папрасіў палонніка расказаць ім гісторыю свайго жыцця, якая не можа не быць цікавай і займальнай, мяркуючы па таму, што ён прыехаў сюды разам з Сараідай. На гэта палоннік адказаў, што вельмі ахвотна зробіць тое, пра што яго просяць.

— Такім чынам, — дадаў ён, — будзьце ўважлівымі, сен’ёры, і вы пачуеце праўдзівую гісторыю, з якой, мажліва, нельга параўнаць выдумку, звычайна так старанна і па-мастацку створаную. — Пасля гэтых яго слоў усе селі, хаваючы глыбокае маўчанне, а ён прыемным голасам пачаў так.


РАЗДЗЕЛ XXVIII,
у якім палоннік апавядае свае жыццё і прыгоды

У адным мястэчку ў Леонскіх горах атрымаў пачатак свой наш род. У майго бацькі дзяцей было трое, усе сыны і ўсе ва ўзросце, калі ўжо можна абраць сабе галіну дзейнасці.

Аднойчы бацька наш, паклікаўшы нас усіх трох да сябе ў пакой, звярнуўся да нас прыблізна з наступнымі словамі:

— Сыны! Я мяркую зрабіць адну рэч, якую даўно ўжо абдумваў і пасля доўгіх разваг парашыў ажыццявіць. Вы ў такім цяпер узросце, што вам неабходна падумаць пра выбар сабе заняткаў. Я надумаўся вось што: падзяліць маю маёмасць на чатыры часткі. З іх тры аддаць вам, кожнаму тую, якая яму належыць, не робячы між вамі ніякой розніцы, чацвертую-ж частку пакіну сабе, каб жыць і падтрымліваць існаванне маё на працягу тых дзён, якія неба захоча паслаць мне. Але мне-б хацелася, каб кожны з вас, атрымаўшы ў валоданне належачую яму долю маёмасці, абраў адну з тых дарог, якія я вам пакажу. У нас у Іспаніі ёсць прыслоўе, па-мойму, вельмі правільнае, якое гаворыць: „Царква ці мора, або каралеўскі палац“. Каб сказаць больш выразна: