Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сярод поля. Што-ж тычыцца варты над зброяй, — ён выканаў ужо ўсё, што трэба, тым больш, што патрабуецца ўсяго дзве гадзіны, а ён прастаяў цэлых чатыры.

Дон-Кіхот паверыў усяму гэтаму і сказаў, што гатоў падначаліцца яму ва ўсім, і каб ён скончыў усё як мага хутчэй, бо калі яшчэ раз на яго нападуць, пасля таго, як ён будзе пасвечаны ў рыцары, ён парашыў не пакінуць нікога ў жывых у замку, выключаючы тых, на каго пакажа яму ўласнік замка, з-за павагі да якога ён над імі і злітуецца.

Спалоханы кастэлян адразу прынёс кнігу, у якую ён уносіў запісы пра ячмень і салому, выдаваемыя ім пагоншчыкам мулаў. Разам з хлапчуком, які нёс за ім агрызак свечкі, і з двума ўжо ўспамянёнымі дзяўчынамі ён падышоў туды, дзе стаяў Дон-Кіхот, загадаў яму стаць на калені і, чытаючы з сваёй кнігі, як-бы гаворачы набожную малітву, сярод чытання падняў руку і моцна ўдарыў ёю Дон-Кіхота па шыі, пасля чаго яшчэ раз ударыў уласным яго мячом моцна па плячы, працягваючы нешта мармытаць скрозь зубы, быццам молячыся. Зрабіўшы гэта, ён загадаў адной з дам апаясаць новага рыцара мячом, што яна і выканала з вялікім спрытам і разважнасцю, бо патрэбна была вялікая цярплівасць, каб стрымацца ад рогату ў час цэрамоніі пасвячэння. Але ўчынкі, зробленыя на вачах усіх новапасвечаным рыцарам, стрымалі душыўшы іх рогат.

Апаясваючы Дон-Кіхота мячом, добрая сен’ёра сказала:

— Дай бог шчасця вашай міласці і перамогу ў бойках.

Дон-Кіхот запытаўся, як яе завуць, каб яму наперад ведаць, каму ён абавязаны такой вялікай паслугай. Яна адказала з вялікай пакорлівасцю, што завуць яе Ла-Талоса і што яна дачка чабатара з Таледо, што жыве каля крам Санчо-В’еная і што дзе-б яна ні была, яна заўсёды гатова служыць яму і лічыць яго сваім сен’ёрам. У адказ Дон-Кіхот прасіў яе з прыхільнасці да яго зрабіць яму ласку прысвоіць сабе тытул „дон’я“[1] і называцца „дон’яй Талосай“,

  1. У Іспаніі „дон“ — тытул дваран, а „дон'я“ — тытул іспанскіх дам. Сервантэс высмейвае тут так распаўсюджанае ў яго час імкненне да дадаткаў гэтых „дон“ і „дон’я“.