Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чаго жадае і просіць, і што намер яго як нельга больш натуральны і адпавядае такому славутаму рыцару, якім ён здаецца і пра што сведчыць адважны яго выгляд.

І сам ён, гаспадар, у маладыя гады таксама займаўся шаноўнай рыцарскай прафесіяй, вандруючы па розных частках свету ў пошуках прыгод. Цяпер ён адышоў на спакой у гэты свой замак, дзе жыве на свае і чужыя сродкі, прымаючы ў сябе ўсіх вандроўных рыцараў, да якога-б звання ці становішча яны ні належалі, толькі з-за вялікай да іх прыязні і каб яны ў нагароду за добрыя яго адносіны дзяліліся-б з ім сваёй маёмасцю.

Ён сказаў яшчэ, што ў гэтым яго замку няма капліцы, у якой рыцар мог-бы стаяць на варце зброі, бо старая капліца паламана, каб пабудаваць новую, але ён ведае, што ў выпадку неабходнасці не забараняецца стаяць на варце зброі дзе-б там ні было, і ў гэтую ноч ён можа гэта зрабіць на двары замка. Заўтра-ж раніцою ўсе патрэбныя цэрамоніі будуць выкананы, і ён будзе пасвечаным рыцарам, і такім рыцарам, што лепшага не можа быць на свеце.

Гаспадар запытаўся, ці мае ён з сабою грошы. Дон-Кіхот адказаў, што не мае ні граша, бо ён нідзе ва ўсіх гісторыях пра вандроўных рыцараў не чытаў, каб хто-небудзь меў з сабою грошы. Гаспадар сказаў яму, што ён памыляецца, ён раіць яму (хаця мог-бы загадаць, як свайму будучаму хрэсніку) наперад ніколі больш не ехаць у дарогу, не маючы з сабой грошай.

Дон-Кіхот абяцаў дакладна выканаць дадзеную яму параду, пасля чаго атрымаў загад трымаць варту над зброяй на вялікім двары каля заезджага дома. Ён сабраў усё сваё ўзбраенне, паклаў яго на вадапойнае карыта, стаяўшае ля калодзежа, і, уздзеўшы на руку шчыт, узяўшы кап’ё, з элегантным выглядам пачаў хадзіць узад і ўперад ля калоды.

Калі ён пачаў сваю праходку, пачало цямнець.

Гаспадар расказаў усім быўшым на заезджым двары пра вар’яцтва пастаяльца, пра яго варту над зброяй і пасвячэнне ў рыцары, якога ён чакаў. Усе былі здзіўлены такім над-