Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што ён знаходзіцца ў рыцарскім замку, што за яго абедам грае музыка, што паданая яму трэска — фарэль, а чорны хлеб, які ляжаў перад ім, — булка з лепшай пшанічнай мукі, што вулічныя жанчыны — знатныя дамы і што гаспадар заезджага двара — кастэлян замка. З гэтай прычыны ён лічыў і сваё рашэнне і свой выезд поўнасцю ўдалымі.


РАЗДЗЕЛ III,
у якім апавядаецца, які цікавы спосаб вынайшоў Дон-Кіхот, каб быць пасвечаным у рыцары

Засмучоны думкаю пра тое, што ён не пасвечаны ў рыцары, Дон-Кіхот паспяшаўся хутчэй скончыць бедную сваю вячэру, пасля чаго паклікаў гаспадара, запёрся з ім у стайні і тут кінуўся перад ім на калені, кажучы:

— Ні за што не падымуся да таго часу, пакуль вы, харобры рыцар, ветліва не паабяцаеце мне таго, пра што я хачу вас прасіць і што будзе вам у пахвалу, а чалавечаму роду на карысць.

Гаспадар двара, убачыўшы гасця ля сваіх ног і пачуўшы такія словы, быў вельмі здзіўлены і паглядзеў на яго з неразуменнем, не ведаючы, што сказаць і што зрабіць, і прасіў яго, каб ён падняўся. Але Дон-Кіхот ні за што не згаджаўся, покуль гаспадар, нарэшце, не абзясціў, што выканае тое, пра што ён просіць.

— Я меншага і не чакаў ад вялікай шчодрасці вашай, сен’ёр мой, — сказаў Дон-Кіхот. — Ведайце, што просьба мая, на якую вы так велікадушна згадзіліся, складаецца з таго, каб вы заўтра пасвяцілі мяне ў рыцары; гэтую-ж ноч я прастаю на варце пры зброі ў капліцы вашага замка.

Гаспадар двара, які быў некалькі хітраваты і яшчэ раней падазраваў, што госць яго не зусім у цвярозым розуме, пачуўшы ад яго такія словы, канчаткова пераканаўся ў гэтым і, жадаючы з яго пасмяяцца, парашыў згадзіцца на гэтае дзівацтва. Ён сказаў, што рыцар зусім мае рацыю ў тым,