Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

двара і заўважыў стаяўшых тут двух жанчын лёгкіх паводзін, якіх ён палічыў за двух знатных паненак, якія гулялі перад варотамі свайго замка. Выпадкова ў гэты час свінапас, гнаўшы з выгана статак свіней, затрубіў у рог. Дон- Кіхот адразу ўявіў, што карлік ужо дае ведаць пра яго прыезд. Вельмі здаволены, ён пад’ехаў к дамам. Убачыўшы чалавека, узброенага такім чынам, — са шчытам і кап’ём — яны спалохаліся і кінуліся да варот. Але Дон-Кіхот, падняўшы кардоннае сваё забрала і адкрыўшы сухарлявы запылены твар, зрабіў прыгожую позу і спакойным голасам звярнуўся да іх:

— Не ўцякайце, міласці вашы, і не бойцеся ніякіх непрыемнасцей, бо не ў правілах і не ў звычаях рыцарскага ордэна, да якога я належу, крыўдзіць каго-б там ні было, а тым больш такіх знатных дзяўчын, як гэта відаць па вашаму выгляду!..

Жанчыны ўглядаліся ў рыцара, спрабуючы разглядзець яго твар, схаваны дрэнна паднятым забралам. Але, калі яны пачулі, што іх называюць знатнымі дзяўчынамі, то не маглі стрымацца ад гучнага смеху. Гэта раззлавала Дон-Кіхота і ён сказаў:

— Вельмі неразумна смяяцца, калі прычына нявартая. Я кажу вам гэта не з мэтаю вас пакрыўдзіць або выклікаць ваша нездавальненне, бо адзінае маё жаданне — служыць вам.

Гэтая мова, незразумелая тым сен’ёрам, і дзіўны выгляд нашага рыцара толькі яшчэ больш павялічылі іхні смех. Дон-Кіхот яшчэ больш пакрыўдзіўся і, мажліва, справа скончылася-б дрэнна, калі-б якраз у гэты час не з’явіўся гаспадар заезджага двара, чалавек вельмі ціхі, бо ён быў вельмі таўсты. Убачыўшы пачварную фігуру рыцара, ён ледзь было не далучыўся да вясёлага смеху дзяўчат, але, спалоханы гэтай масай ваеннага ўзбраення, парашыў гаварыць з ім ветліва і сказаў:

— Сен’ёр кабальеро, калі ваша міласць шукае начлегу, дык за выключэннем пасцелі (бо на гэтым заезджым двары няма пасцелі) усім астатнім магу служыць вам у поўнай меры.