Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чыну рабіць гэтае шаленства і эпітыміі; але якая прычына ў вашай міласці вар’яцець? Якая дама пакінула вас, або якія знайшлі вы доказы, што сен’ёра Дульсінея Табоская саграшыла?

— У гэтым увесь сэнс справы, — сказаў Дон-Кіхот, — і ўся прыгожасць майго прадпрыемства. Калі вандроўны рыцар вар’яцее, маючы на тое прычыну, у чым-жа заслуга і зачэпка для пахвалы? Уся соль менавіта ў тым, каб звар’яцець без прычыны і каб даць зразумець гэта сваёй даме. Апрача таго, у мяне ёсць дастатковая для гэтага прычына ў даўгім расстанні з той, якая заўсёды застанецца маёй уладаркай — Дульсінеяй Табоскай. Такім чынам, сябра Санчо, не траць дарэмна часу, раячы мне адмовіцца ад такога незвычайнага, шчаслівага і ніколі небывалага пераймання. Я вар’ят і астануся вар’ятам да таго часу, пакуль ты не вернешся з адказам на ліст, які я думаю паслаць з табою маёй сен’ёры Дульсінеі. Калі адказ яе будзе такім, якога заслугоўвае мая вернасць, майму вар’яцтву і пакаянню надыйдзе канец. Калі здарыцца наадварот, дык я сапраўды звар’яцею. Але скажы мне, Санчо, ці захаваў ты шлём Мамбрыно? Я бачыў, што ты падняў яго з зямлі, калі той нягоднік прабаваў паламаць яго ўшчэнт і не мог, з чаго яскрава відаць, як добра закалены шлём.

На гэта Санчо адказаў:

— Клянуся богам жывых, сен’ёр рыцар Сумнага Вобразу, я не магу цярпець і цярпліва слухаць словы, якія міласць ваша гаворыць, бо яны наводзяць мяне на думку, што вашы апавяданні пра рыцарства, пра заваёвы каралеўстваў і імперый, раздачу астравоў і ўсякіх іншых міласцей і шчодрасць, напэўна, адна толькі хлусня, адны толькі казкі і байкі. Кожны-ж, хто пачуе, што ваша міласць сцвярджае, што нібыта таз цырульніка — шлём Мамбрыно, не можа падумаць чаго-небудзь іншага, апрача таго, што чалавек, які гаворыць нешта падобнае, напэўна развітаўся з сваім розумам. Таз, увесь пакамечаны і пагнуты, у мяне тут у мяшку, і я вязу яго дахаты, каб выпрастаць яго і скарыстаць для галення.